Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ў Міжнародны дзень інвалідаў: уразлівасць належыць усім

“Мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы пасярод неспакойнага мора, якое можа нас палохаць, але ў гэтай лодцы ёсць тыя, каму яшчэ складаней, і сярод іх – людзі з сур’ёзнымі формамі інваліднасці”, - заўважыў Пантыфік.

3 снежня 2020 г. Папа скіраваў пасланне з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў. Францішак прапанаваў паразважаць над яго сёлетняй тэмай – “Адбудаваць лепш: на шляху да інклюзіўнага і ўстойлівага свету пасля пандэміі з улікам патрэб інвалідаў”. Яе натхніла евангельская прыпавесць пра дом, збудаваны на скале ці на пяску (Лк 10,25-37).

Дажджы, рэкі і вятры, якія пагражалі гэтаму дому, паводле Пантыфіка, можна атаясаміць з “культурай адчужэння”, распаўсюджанай у наш час. У ёй “людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць, асабліва калі яны бедныя ці з абмежаванымі магчымасцямі”.

Францішак зазначыў, што, нягледзячы на важныя дасягненні ў сферы ўсведамлення годнасці кожнага чалавека і ўключэння інвалідаў у жыццё грамадства, дагэтуль на культурным узроўні застаюцца розныя формы непрыняцця і маргіналізацыі. Прычына гэтага заключаецца ў “нарцысічным і ўтылітарысцкім мысленні” і неразуменні таго, што “ўразлівасць належыць усім”.

“Таму важна, асабліва ў гэты Дзень, падтрымліваць культуру жыцця, якая няспынна будзе пацвярджаць годнасць кожнага чалавека, асабліва абараняючы людзей з інваліднасцю, усіх узростаў і сацыяльных станаў”, - напісаў Святы Айцец.

Сапраўднай “скалой”, на якой трэба будаваць грамадства, а таксама праграмы і ініцыятывы, адрасаваныя асобам з абмежаванымі магчымасцямі, павінна стаць інклюзіўнасць. “Моц ланцуга залежыць ад увагі, якая даецца самым слабым звёнам”, - заўважыў Пантыфік.

Звяртаючыся да касцёльных структур, Святы Айцец заклікаў іх клапаціцца пра адпаведныя і даступныя прылады для перадачы веры, а таксама пра належную фармацыю ў сферы душпастырства людзей з інваліднасцю і выкарыстання інклюзіўных душпастырскіх інструментаў.

“Парафіяльныя супольнасці павінны працаваць над пашырэннем сярод вернікаў адкрытасці да людзей з інваліднасцю. Для стварэння цалкам даступнай парафіі недастаткова толькі разбурыць архітэктурныя бар’еры, у першую чаргу патрэбны салідарныя і прасякнутыя духам служэння паводзіны і дзеянні парафіян у адносінах да інвалідаў і іх сем’яў”, - заўважыў Папа.

“Скалой”, на якой трэба будаваць грамадства, павінна стаць спрыянне актыўнаму ўдзелу людзей з інваліднасцю ў яго жыцці. Яны павінны мець магчымасці для прыняцця сакрамэнтаў, удзелу ў літургіі і евангелізацыі, быць “актыўнымі суб’ектамі душпастырства, а не толькі яго адрасатамі”.

“Мэта ў тым, каб не толькі клапаціцца пра іх, але даць ім магчымасць актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадзянскай і касцёльнай супольнасці. Гэты складаны і нават цяжкі шлях дазволіць нам усё лепш і лепш фарміраваць сумленне, здольнае прызнаць кожнага ў якасці ўнікальнага і непаўторнага чалавека”, - лічыць Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асобы з інваліднасцю могуць быць эфектыўна задзейнічаны ў катэхізацыі, і заклікаў забяспечыць ім належную фармацыю ў гэтай сферы.

Папа пажадаў умацоўваць супрацоўніцтва паміж грамадзянскімі і касцёльнымі структурамі на карысць будавання трывалага “дому”, здольнага прымаць таксама людзей з інваліднасцю, “дому”, які будзе стаяць на скале інклюзіўнасці і актыўнага ўдзелу.
 

03 снежня 2020, 12:00