Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: не адкладаць час на малітву і дапамогу бліжнім

Падрыхтаваць сэрца да Божага Нараджэння праз малітву і ўвагу да бедных, - заклікаў Святы Айцец перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 20 снежня 2020 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Пантыфік заўважыў, што ў чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнта Евангелле апавядае пра Звеставанне. Ён нагадаў словы, якія Панна Марыя пачула ад анёла: “Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус” (Лк 1,28.31).

“Здаецца, што гэта цалкам радасная вестка, якая павінна была зрабіць Панну шчаслівай: хто з жанчын таго часу не марыў стаць маці Месіі? Але, разам з радасцю, гэтыя словы прадвяшчаюць Марыі вялікія выпрабаванні. Чаму? – Таму што тады яна была заручанай Юзафа, яшчэ не была жанатай. У такой сітуацыі, паводле Закона Майсея, ім нельга было мець адносін і пражываць разам. Такім чынам, маючы дзіця, Марыя б парушыла Закон, а пакаранні для жанчын былі жахлівыя: было прадугледжана каменаванне. Безумоўна боскае пасланне напоўніла сэрца Марыі святлом і сілай; аднак, яна апынулася перад абліччам цяжкога выбару: сказаць “так” Богу, рызыкуючы ўсім, уключаючы жыццё, ці адхіліць прапанову і працягваць свой будзённы шлях”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў адказ Марыі: “Няхай мне станецца паводле твайго слова”. На мове, на якой было напісана Евангелле, словы “няхай мне станецца” азначалі “моцнае прагненне, жаданне спаўнення чагосьці”.

“Марыя была закаханай, гатовай служыць свайму Пану ва ўсім і неадкладна. Яна магла б папрасіць час на разважванне, больш тлумачэнняў адносна таго, што павінна адбыцца; магчыма паставіць нейкія ўмовы… Але Яна не губляла часу, не прымушала Бога чакаць, не адкладала”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што наша жыццё вельмі часта складаецца менавіта з адкладанняў, у тым ліку духоўнае жыццё: мы часта не маем часу на малітву і дапамогу бліжнім, але варта браць прыклад з Маці Божай, якая неадкладна сказала Пану “вось я”.

“У гэты вельмі складаны час, замест таго, каб наракаць з прычыны перакшодаў, якія чыніць нам пандэмія, зробім штосьці для тых, хто мае менш чым мы: не чарговы падарунак для нас і нашых сяброў, але для патрабуючага, пра якога не думае ніхто! І яшчэ адна парада: каб Езус нарадзіўся ў нас, падрыхтуем нашы сэрцы, будзем маліцца, не дазволім спажывальніцтву кіраваць намі… Важным з’яўляецца Езус. Дарагія браты і сёстры, спажывальніцтва скрала ў нас Божае Нараджэнне. Спажывальніцтва не мае нічога супольнага з бэтлеемскімі яслямі: менавіта ў іх можна знайсці рэальнасць, беднасць, любоў. Падрыхтуем нашы сэрцы як Марыя: зробім іх свабоднымі ад зла, адкрытымі, гатовымі прыняць Бога”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што словы Панны Марыі “няхай мне станецца паводле Твайго слова”, гэта заклік зрабіць канкрэтны крок у кірунку Божага Нараджэння, бо калі нараджэнне Езуса не закранае нашага жыцця, праходзіць у пустую.

“У малітве “Анёл Панскі” прамовім таксама і мы зараз: “Няхай мне станецца паводле Твайго слова”. Няхай Маці Божая дапаможа нам сказаць гэта нашым жыццём, паводзінамі, якія дазволяць у гэтыя апошнія дні добра падрыхтавацца да Божага Нараджэння”, - закончыў разважанне Святы Айцец.
 

20 снежня 2020, 12:36