Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа падчас “Анёл Панскі”: мы створаны для паўнаты святасці

Сказаць “не” злу і “так” Богу, - заклікаў Папа ў разважанні да малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 8 снежня 2020 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Францішак заўважыў, што Беззаганнае Зачацце з’яўляецца “адным з цудаў гісторыі збаўлення”: Марыя на працягу свайго зямнога жыцця была свабоднай ад плямы граху, была “поўнай ласкі”, каб мець магчымасць “пастаянна падтрымліваць дасканалыя адносіны са сваім Сынам Езуса”.

Пантыфік падкрэсліў, што кожны чалавек быў “створаны Богам для такой паўнаты святасці”. Бог выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі, Ён прадвызначыў нас у Хрысце, каб мы аднойчы сталі цалкам вольнымі ад граху.

Папа заклікаў вернікаў не адкладаць на больш позні час пераасэнсаванне свайго жыцця, карыстаючыся цярплівасцю Пана: важна ўжо сёння сказаць “не” злу і “так” Богу: адкрыцца на Яго ласку; перастаць закрывацца ў сабе, ператвараючыся ў крывадушнікаў.

“Трэба паглядзець у твар праўдзе пра сябе, прызнаць, што мы не любілі Бога і бліжняга так, як павінны былі, вызнаць гэта. Шлях навяртання пачынаецца, у першую чаргу, з просьбы аб прабачэнні ў Бога ў сакрамэнце паяднання, а затым, выпраўлення зла, якое зрабілі іншым”, - сказаў Папа.

“Вось наш шлях да таго, каб стаць “святымі і беззаганнымі”. Нескажоная прыгажосць нашай Маці з’яўляецца непаўторнай, але адначасова прыцягвае нас. Даверымся Ёй і скажам аднойчы і назаўсёды “не” граху і “так” ласцы, - сказаў на заканчэнне свайго разважання Францішак.
 

08 снежня 2020, 14:24