Арцыбіскуп Анры Цесье Арцыбіскуп Анры Цесье 

Папа спачувае ў сувязі са смерцю алжырскага іерарха

Святы Айцец са смуткам прыняў паведамленне пра смерць арцыбіскупа Анры Цесье. Франка-алжырскі іерарх адышоў у вечнасць 1 снежня 2020 г. у 91-гадовым узросце.

“Яго Святасць папа Францішак даручае Пану душу гэтага шчодрага пастыра, які здолеў з вялікай адвагай і евангельскім духам прайсці праз выпрабаванні, якія перажыў Касцёл у Алжыры. Чалавек дыялогу і міру, ён з павагай і братэрскім духам ішоў насустрач алжырскаму народу на працягу многіх гадоў служэння ў дыяцэзіях Аран і Алжыр, давераных яго пастырскаму клопату”, - напісаў у спачувальнай тэлеграме кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы запэўніў у малітве Святога Айца за памерлага іерарха праз заступніцтва Маці Божай Афрыканскай, бл. Шарля дэ Фуко і Благаслаўлёных алжырскіх мучанікаў.

Анры Цесье нарадзіўся ў 1929 г. у Ліёне. З 1948 г. жыў у Алжыры. Там прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1972 г. стаў біскупам Арана, а ў 1988 г. – арцыбіскупам Алжыра.

Іерарх прымаў актыўны ўдзел у дыялогу Касцёла з ісламам, з 1982 г. па 2004 г. узначальваў Канферэнцыю Біскупаў Паўночнай Афрыкі. На гады яго служэння выпаў складаны перыяд грамадзянскай вайны ў Алжыры, падчас якой мучаніцкай смерцю загінулі 19 прадстаўнікоў Касцёла, сярод якіх святары і кансэкраваныя асобы.
 

03 снежня 2020, 13:59