Францішак на абедзе з беднымі. Ілюстрацыйнае фота Францішак на абедзе з беднымі. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: справядлівасць – вяртанне бедным таго, што ім належыць

Францішак прывітаў удзельнікаў першай анлайн-сустрэчы суддзяў – членаў Камітэтаў па сацыяльных правах Афрыкі і Амерыкі. Ён нагадаў, што Бог патрабуе ад нас, вернікаў, быць народам Божым, а не Божай элітай.

Двухдзённая канферэнцыя на тэму “Будаўніцтва сацыяльнай справядлівасці. У кірунку поўнай рэалізацыі фундаментальных правоў людзей, якія знаходзяцца ва ўмовах безабароннасці” распачалася 30 лістапада 2020 г. у Перу.

У сваім звароце Пантыфік пажадаў, па-першае, каб ідэя сацыяльнай справядлівасці, вакол якой будуецца праца форуму, разглядалася без адрыву ад складанай і хвалюючай рэчаіснасці, калі невялікая частка чалавецтва жыве ў раскошы, а астатняя большасць пазбаўлена годнасці і чалавечых правоў.

Па-другое, Святы Айцец заклікаў зважаць на спосабы дасягнення справядлівасці. Яны павінны прадугледжваць аб’яднанне высілкаў, сумесную працу ў духу руплівасці, на ўзор Добрага Самараніна.

З гэтага, па словах Папы, вынікае трэцяя ўмова распрацоўкі канцэпцыі новай сацыяльнай справядлівасці: безумоўнае, бескарыслівае служэнне найбольш слабым і патрабуючым, непадуладнасць культуры абыякавасці, так шырока распаўсюджанай у сучасным свеце.

Святы Айцец параіў удзельнікам мерапрыемства, распрацоўваючы ідэю новай сацыяльнай справядлівасці для планеты, улічваць таксама гістарычную перспектыву.

“У ёй – барацьба, перамогі і паражэнні. У ёй – кроў тых, хто аддаў сваё жыццё за квітнеючае і з’яднанае чалавецтва. У мінулым знаходзяцца ўсе карані вопыту, у тым ліку і вопыту сацыяльнай справядлівасці, якую сёння мы хочам пераасэнсаваць, падштурхнуць да росту і ўмацаваць”, - сказаў Пантыфік.

Нарэшце, гісторыя непазбежна вядзе да народаў. Яны павінны служыць асновай будаўніцтва сацыяльнай справядлівасці. На думку Папы, гэтае заданне стане простым, калі будзе зыходзіць з бескарыслівага і чыстага жадання быць сапраўды народам, а не адукаванай элітай.

Францішак нагадаў, што Бог патрабуе ад нас, вернікаў, быць народам Божым, а не Божай элітай. “Тыя, хто ідзе шляхам “Божай эліты”, прыходзяць да добра вядомага элітарнага клерыкалізму, які працуе для народа, але нічога не робіць разам з народам, не чуе народ”, - перасцярог Святы Айцец.

Святы Айцец заахвоціў удзельнікаў сустрэчы працаваць у духу салідарнасці, змагаючыся са структурнымі прычынамі беднасці, няроўнасці, беспрацоўя, адсутнасці зямлі і жылля, супрацьстоячы культуры, якая выкарыстоўвае і занявольвае чалавека.

Папа нагадаў, што, даючы бедным неабходныя рэчы, мы не аддаём сваё, але вяртаем тое, што ім належыць. Ён заклікаў будаваць новую сацыяльную справядлівасць, памятаючы, што хрысціянская традыцыя ніколі не лічыла права прыватнай уласнасці абсалютным, нагадваючы пра яе сацыяльную функцыю.

Францішак пажадаў, каб напрацоўкі па выніках сустрэчы ўвасобіліся ў “новую і тэрміновую судовую практыку, якая б паспрыяла здольнасці чалавецтва ў бліжэйшым будучым аб’яднацца ў дастатку і спакоі”.
 

01 снежня 2020, 11:32