Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да Рымскай курыі: крызіс павінен быць часам абнаўлення

Крызіс можа стаць нагодай для абнаўлення і распазнання Божай волі, - падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з іерархамі і супрацоўнікамі Рымскай курыі.

Традыцыйная сустрэча з нагоды Божага Нараджэння адбылася 21 снежня 2020 г. у Ватыкане. Святы Айцец прысвяціў свой зварот актуальнаму крызісу, які перажывае свет, заклікаючы выкарыстаць яго для “навяртання і вяртання да сапраўднасці”, а таксама, каб “адрадзіць ва ўсіх сусветнае прагненне братэрства”.

Папа нагадаў, што шматлікімі біблійным постацям давялося перажыць глыбокі крызіс: Абрагаму, Майсею, Іллі, Яну Хрысціцелю, св. Паўлу. Але самы красамоўны прыклад – гэта Езус: Ён спазнаў спакусы, самотнасць, страх і трывогу ў Аліўным садзе, здраду Юды, адрачэнне вучняў і, нарэшце, крыжовую смерць.

“Нягледзячы на ўсё гэта, Ён з поўным даверам “аддаў дух свой у рукі Айца”. І гэта Яго поўнае і даверлівае адданне адкрыла шлях Уваскрасенню”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што гэта рэфлексія павінна абараніць ад паспешлівых суджэнняў аб Касцёле на падставе крызісаў, выкліканых скандаламі. Паводле Папы, аналізу рэчаіснасці заўсёды павінна спадарожнічаць надзея, у адваротным выпадку ён не будзе рэалістычным. “Надзея дае нашаму аналізу тое, што вельмі часта нашы блізарукія вочы няздольныя заўважыць”, - дадаў ён.

Пантыфік перакананы, што “Бог працягвае сеяць зерні свайго Валадарства між намі”. У сувязі з гэтым ён адзначыў пакорную, ціхую, прафесійную і сумленную працу шматлікіх супрацоўнікаў Рымскай курыі, якая з’яўляецца сведчаннем таго, што “Пан не пакінуў свой народ”.

На думку Папы, “хто не глядзіць на крызіс у святле Евангелля, абмяжоўваецца роспалацю нежывога целам”, “але калі мы знойдзем новую адвагу і пакору, каб гучна сказаць, што крызіс – гэта час Духа”, тады, “нават перад абліччам досведу цемры, слабасці, уразлівасці, супярэчнасцей, разгубленасці”, будзем “захоўваць унутраны давер да таго, што рэчаіснасць набывае новую форму, якая нараджаецца выключна сілай Ласкі, схаванай у цемры”.

У той жа час Пантыфік заклікаў “не блытаць крызіс з канфліктам”. Крызіс звычайна мае добры вынік, а канфлікт стварае падзелы, супрацьстаянне, канкурэнцыю, вядзе да ўзнікнення “закрытых груп”, што “збядняе паўсюднасць нашай місіі”.

Касцёл не павінен быць месцам канфлікту, бо “такім чынам у ім будзе пашырацца страх, ён будзе станавіцца ўсё больш і больш суровым, менш сінадальным, будзе навязваць логіку ўніфікацыі, вельмі далёкую ад багацця і разнастайнасці, якую падарыў Дух”.

Усё новае, што ўзнікае падчас крызісу, дзякуючы Духу, “ніколі не знаходзіцца ў супярэчнасці са старым, але прарастае са старога і робіць яго плённым”, - перакананы Святы Айцец. Баронячыся ад крызісу мы рызыкуем застацца “самотнымі і бясплённымі, перашкаджаем дзейнасці Божай ласкі, якая прагне аб’явіцца ў нас і праз нас”, бо “толькі паміраючы для пэўнага ладу мыслення мы здолеем таксама вызваліць месца для навізны, якую Дух пастаянна стварае ў сэрцы Касцёла”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў быць адкрытымі на абнаўленне і не думаць пра рэформу Касцёла як пра “прышыванне латаў на старое адзенне” ці простае рэдагаванне новай Апостальскай канстытуцыі, бо Касцёл – гэта не “вопратка” Хрыста”, а Яго Цела, якое ахоплівае ўсю гісторыю.

“Правільнай жа пазіцыяй, з’яўляецца пазіцыя “кніжніка, навучанага пра Валадарства Нябеснае”, што “падобны на гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое”. Скарб – гэта Традыцыя, якая, як нагадваў Бэнэдыкт XVI, “ёсць жывой ракой, што злучае нас з вытокамі, жывой ракой, у якой вытокі прысутнічаюць заўсёды, вялікай ракой, якая вядзе нас да порту вечнасці”. “Старое” складаецца з праўды і ласкі, якую маем. Новае – розныя аспекты праўды, якія крок за крокам разумеем”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў быць адкрытымі на ласку Святога Духа, бо без яе можна пачаць думаць пра сінадальны Касцёл як пра дэмакратычны сход, на якім усё вырашаецца большасцю і меншасцю галасоў.

Паводле Францішка, у актуальны перыяд неабходна прыняць крызіс як “час ласкі, падораны для разумення Божай волі адносна кожнага з нас і ўсяго Касцёла”, а таксама “не перарываць дыялог з Богам, маліцца няспынна”. Папа заклікаў захоўваць спакой, не канфліктаваць і адчуваць, што знаходзімся ў дарозе.

“Евангелле распавядае, што пастухі паверылі словам анёла і пайшлі да Езуса. Ірад жа закрыўся пасля аповеду мудрацоў і ператварыў сваю закрытасць у ману і насілле”, - нагадаў Пантыфік.

“Няхай кожны нас, незалежна ад пасады, якую займае ў Касцёле, спытаецца ў сябе: ці хоча ён ісці за Езусам з паслухмянасцю пастухоў або бараніць саміх сябе як Ірад; ісці за Хрыстом падчас крызісу ці абараняцца ад Яго праз канфлікт?”, - сказаў Францішак.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў іерархаў і супрацоўнікаў Рымскай курыі да “шчырага супрацоўніцтва і руплівага абвяшчэння Добрай весткі, у першую чаргу бедным”, у якіх можам убачыць аблічча Бога.
 

21 снежня 2020, 11:46