Агульная аўдыенцыя: чытаем Святое Пісанне, каб яно “чытала” нас
Сваю катэхезу Францішак прысвяціў малітве з Святым Пісаннем. Ён заўважыў, што да Бібліі нельга падыходзіць, як да раману, яе чытанне павінна суправаджацца малітвай – “дыялогам паміж Богам і чалавекам”.
Пантыфік нагадаў, што гэтыя словы былі напісаны для кожнага чалавека шмат стагоддзяў таму. “Кожны вернік меў такі досвед: урывак Святога Пісання, чуты шмат разоў, аднойчы раптоўна прамаўляе да мяне і пралівае святло на жыццёвую сітуацыю. Але трэба, каб я ў той дзень быў там, на сустрэчы з гэтым словам. Быў там, слухаючы слова. Бог штодзённа праходзіць і кідае зерне на поле нашага жыцця. Мы не ведаем, ці сёння яно трапіць на засохлую зямлю, на церні ці на добрую глебу, якая дапаможа гэтаму парастку прарасці. Залежыць ад нас, ад нашай малітвы, ад адкрытага сэрца, з якім набліжаемся да Святога Пісання, ці стане яно для нас жывым словам Бога”, - сказаў Францішак.
“Вернік не шукае ў Святым Пісанні падтрымкі для ўласных філасофскіх ці этычных поглядаў, але спадзяецца на сустрэчу. Ён ведае, што Святое Пісанне было створана ў Духу Святым, і ў гэтым самым Духу яго належыць прымаць і разумець, каб адбылася сустрэча”, - дадаў Францішак.
Паводле Пантыфіка, мы чытаем Святое Пісанне, каб яно “чытала” нас. Ён назваў ласкай магчымасць распазнаваць сябе ў той ці іншай біблійнай постаці або сітуацыі. “Біблія была напісана не для абстрактнага чалавецтва, а для нас, для мяне, для цябе, людзей з цела і касцей, людзей, якія маюць імя і прозвішча, як я і ты. І Божае слова, прасякнутае Духам Святым, калі прымаем яго з адкрытым сэрцам, не пакідае нічога такім, якім было раней. Яно нешта змяняе. Гэта ласка і сіла Божага слова”, - сцвердзіў Папа.
Пантыфік патлумачыў, што гаворка ідзе пра ўважлівае і “паслухмянае” прачытанне біблійнага ўрыўка з імкненнем зразумець яго значэнне. Затым трэба ўвайсці ў дыялог са Святым Пісаннем. Каб прачытаныя словы сталі матывам для медытацыі і малітвы, трэба пытацца, што яны “кажуць мне”. Гэта важна рабіць у духу Традыцыі, якая “лучыць кожнага з нас са Святым Пісаннем”. “Апошнім крокам “lectio divina” з’яўляецца сузіранне. “Тут словы і думкі саступаюць месца любові, як паміж закаханымі, якім часам дастаткова глядзець адно на аднаго ў маўчанні. Біблійны тэкст застаецца, але як люстэрка, як ікона, якую трэба сузіраць”, - адзначыў Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што “дзякуючы малітве Божае слова пасяляецца ў нас, а мы жывём у ім”. Слова натхняе добрыя намеры і падтрымлівае ва ўчынках; дае нам сілу і мір, і нават тады, калі выклікае крызіс, адорвае спакоем. Пасярод кепскіх і сумбурных дзён Божае слова дае сэрцу зерне даверу і любові, што захоўвае яго ад нападаў злога.
Пантыфік падкрэсліў, што ў хрысціянскім жыцці злучаюцца паслухмянасць і крэатыўнасць, бо сапраўдны вернік павінен слухаць Божае слова і тварыць дзякуючы Святому Духу, Якога носіць у сабе.
Завяршаючы катэхезу, Святы Айцец нагадаў словы Езуса: “Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое” (Мц 13, 52). “Святое Пісанне – гэта невычэрпны скарб. Пан дазваляе нам чэрпаць з яго ўсё больш і больш праз малітву”, - адзначыў Францішак.