Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік напісаў прадмову да кнігі аб ахвярах гандлю людзьмі

Папа напісаў прадмову да кнігі італьянскай пісьменніцы Марыіпіі Бонанатэ, якая апісвае жыццё маладой нігерыйскай жанчыны, мігранткі і ахвяры гандляроў людзьмі.

Выданне пад назвай “Я – Джой” (Io sono Joy), з’явіцца на паліцах кнігарняў 27 студзеня 2021 г. Францішак назваў сведчанне, змешчанае ў кнізе, “спадчынай чалавецтва”.

Кніга распавядае пра жахі небяспечных падарожжаў афрыканскіх мігрантаў у Еўропу з надзеяй знайсці добрую працу і годнае жыццё. Галоўная гераіня – адна з іх. Джой прайшла праз нягоды падарожжа праз пустыню, спазнала злачынствы лівійскіх лагераў для бежанцаў, ледзьве не патанула ў Міжземным моры і апынулася ў руках гандляроў людзьмі.

Папа заўважыў, што такі “крыжовы шлях” праходзіць вялікае мноства людзей, якія ўрэшце рэшт апынаюцца на ўскраінах вялікіх еўрапейскіх гарадоў, становяцца “ценямі”, губляюць тоеснасць і прывязанасць да ўласнай культуры.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што гандляры людзьмі маюць дакладныя методыкі падману. Ахвяры апынаюцца на вуліцы, асуджаныя на прастытуцыю. Папа падкрэсліў, што такія з’явы будуць існаваць да таго часу пакуль будуць “кліенты”, тыя, хто карыстаецца такімі “паслугамі”.

Знайсці шлях да свабоды Джой дапамагла вера ў Бога і сустрэча з супольнасцю “Casa Rut”, якая дапамагае ахвярам гандляроў людзьмі, “прымаючы, абараняючы, інтэгруючы і падтрымліваючы” кожнага. “Гэта кніга з’яўляецца аповедам веры, спевам надзеі і ўдзячнасці людзям, якія ахвяруюць жыццём, рэалізуючы гэтыя чатыры дзеясловы, што маюць евангельскі водар”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што кніга “Я – Джой” дапамагае адкрыць вочы на жудасную рэальнасць гандлю людзьмі і падштурхоўвае да канкрэтных дзеянняў на карысць моладзі, якая апынулася ў падобнай сітуацыі.
 

21 студзеня 2021, 12:36