Папа на “Анёл Панскі”: Бог любіць нас у нашай слабасці і сораме
Папа заахвоціў вернікаў моўчкі спыніцца перад яслямі і адчуць пяшчоту Бога, Які наблізіўся, Які стаў целам. “Не баючыся запросім Яго да сябе, дадому, у сям’ю, у нашы слабасці. Ён прыйдзе і жыццё зменіцца”, - заклікаў Святы Айцец.
Папа спаслаўся на пралог Евангелля св. Яна, які пачынаецца выразам: “На пачатку было Слова” (Ян 1, 1). “Сёння Евангелле кажа, што Той, Каго мы сузіралі ў Яго нараджэнні, Езус, існаваў і раней: перад тым, як усё адбылося, яшчэ да Сусвету. Ён – над часам і прасторай. “У Ім было жыццё” перад з’яўленнем жыцця”, - заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што Ян Евангеліст называе Яго “Verbum” – “Слова”, што азначае імкненне Бога з самага пачатку мець зносіны з намі, жаданне размаўляць з намі.
“Адзінародны Сын Айца хоча расказаць нам пра прыгажосць быць Божымі дзецьмі. Ён – “сапраўднае святло”, Ён хоча аддаліць нас ад цемры зла, Ён з’яўляецца “жыццём”, якое ведае наша жыццё і хоча сказаць нам, што заўсёды любіць яго”, - патлумачыў Папа. “Вось сённяшняе цудоўнае пасланне: Езус – вечнае Слова Божае; Ён заўсёды думае пра нас і хоча мець зносіны з намі”, - дадаў ён.
Францішак адзначыў, што св. Ян выкарыстоўвае слова “цела”, паколькі яно “паказвае на стан чалавека ва ўсёй яго слабасці, ва ўсёй яго крохкасці”, “Ён кажа нам, што Бог стаў кволым, каб дакрануцца да нашай кволасці”. “Дарагі брат, дарагая сястра, Бог стаў целам, каб сказаць табе, што Ён любіць цябе, у тваёй слабасці, менавіта там, дзе табе найбольш сорамна”, - звярнуўся Папа.
Спасылаючыся на сцвярджэнне, што Слова “пасялілася між намі”, Святы Айцец адзначыў, што Езус не прыйшоў проста наведаць нас, “Ён прыйшоў быць з намі”.
“Дык чаго Ён хоча ад нас? - спытаў Пантыфік. “Ён хоча, каб мы дзяліліся з Ім радасцямі і пакутамі, жаданнямі і страхамі, нядзеяй і смуткам, людзьмі і сітуацыямі”, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў вернікаў адкрыць для Хрыста свае сэрцы, распавесці Яму ўсё, адчуць чуласць Божай блізкасці.
Завяршаючы разважанне перад “Анёл Панскі”, Францішак маліўся: “Няхай Святая Багародзіца, у якой Слова сталася целам, дапаможа нам прыняць Езуса, Які стукае ў дзверы нашых сэрцаў, каб жыць з намі”.