Арцыбіскуп Фізікела падчас св. Імшы ў Ватыкане Арцыбіскуп Фізікела падчас св. Імшы ў Ватыкане 

Папа: Божае слова дазваляе адчуць Пана блізка і напаўняе адвагай

Божае слова – гэта слова любові, напісанае для нас Тым, хто ведае нас так, як ніхто іншы, - гэтыя словы Папы прагучалі падчас св. Імшы 24 студзеня 2021 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Урачыстая літургія прайшла ў ІІІ Звычайную нядзелю, прысвечаную ў Касцёле Божаму слову. Францішак не змог яе цэлебраваць па прычыне абвастрэння ішыясу. Замест яго Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Іерарх зачытаў тэкст гаміліі, падрыхтаванай Святым Айцом.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра пачатак дзейнасці Езуса ў Галілей, Папа нагадаў словы Хрыста: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае”. Блізкасць Бога – гэта першая навіна, пачатак Евангелля, лейтматыў Яго абвяшчэння, самае сэрца Яго паслання. Таму хрысціяне ў першую чаргу павінны абвяшчаць тое, што Бог стаў блізкім да нас, адарыў нас ласкай, злітаваўся над намі, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што Божае слова дазваляе “дакрануцца рукой да гэтай блізкасці”. Яно з’яўляецца “супрацьяддзем” ад страху перад самотнасцю. З дапамогай свайго слова Бог суцяшае нас, прабывае з тымі, хто адзінокі, нагадвае, што мы “каштоўныя ў Яго вачах і знаходзімся ў Яго руках”.

Паводле Пантыфіка, Божае слова распаўсюджвае спакой, але “не пакідае нас у спакоі”. Яно заахвочвае да навяртання, бо з набліжэннем Бога “скончыўся час аддалення ад Пана і бліжніх”; “скончыўся час, калі кожны думае толькі пра сябе і крочыць па жыцці ў адзіночку”.

“Гэта не па-хрысціянску, бо чалавек, які сустракаецца з блізкасцю Бога, не можа аддаляцца ад бліжняга, не можа раўнадушна аддаляць яго ад сябе. У такім сэнсе, чалавек, які часта сустракаецца з Божым словам, спазнае жыватворчыя жыццёвыя ператварэнні: ён адкрывае, што жыццё – гэта не час для таго, каб сцерагчыся іншых і бараніць сябе, але нагода, каб выйсці насустрач іншым у імя Бога, які блізка. Так слова, пасеянае на глебе нашых сэрцаў, зробіць нас сейбітамі надзеі праз блізкасць. Менавіта як Бог зрабіў для нас”, - зазначыў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Езус звяртаўся да галілейскіх рыбакоў, простых людзей, што жылі плёнамі сваёй цяжкой працы. Яны не былі экспертамі ў Святым Пісанні, не разбіраліся ў навуцы і культуры, жылі ў шматэтнічным і шматрэлігійным грамадстве, самым далёкім ад “рэлігійнай чысціні Ерузалема”. Але Езус пачаў адсюль, каб паказаць нам, што “ніхто не знаходзіцца на ўскраіне сэрца Бога”.

Францішак заўважыў, што ў адрозненні ад Яна, які прапаведваў у пустыні, Хрыстус прабываў у “самым сэрцы грамадства”, там, дзе былі людзі. Ён звяртаўся да “звычайных людзей у звычайных месцах”.

“Вучні ніколі не забыліся словы, якія пачулі ў той дзень на беразе возера, побач з чоўнамі, сваякамі і паплечнікамі, словы, якія назаўсёды пазначылі іх жыццё. Езус сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. Не прывабліваў іх высокімі і незразумелымі прамовамі, але казаў пра іх жыццё: сказаў рыбакам, што будуць рыбакамі людзей. Калі б сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас апосталамі: вы будзеце пасланы ў свет абвяшчаць Евангелле сілай Святога Духа, будзеце забіты, але станеце святымі”, можам уявіць, што Пётр і Андрэй адказалі б Яму: “Дзякуй, але мы аддаем перавагу нашым сеткам і чоўнам”. Езус жа клікаў іх, спасылаючыся на іх жыццё: “Вы – рыбакі, будзеце рыбакамі людзей”. Глыбока ўражаныя гэтымі словамі, яны паступова зразумелі, што мала жыць лоўляй рыбы, што таямніца радасці ў тым, каб выплыць на глыбіню слова Езуса”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што падобным чынам Пан паступае з намі: шукае нас там, дзе мы знаходзімся, любіць такімі, якімі з’яўляемся, з цярплівасцю суправаджае нашы крокі. “Як тых рыбакоў Ён чакае таксама і нас на беразе жыцця. Сваім словам Ён хоча дапамагчы нам змяніць курс, каб перасталі марнець і паплылі на глыбіню за Ім”, - дадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў не адмаўляцца ад Божага слова, бо яно – слова любові, напісанае для нас Тым, хто ведае нас так, як ніхто іншы: чытаючы яго, мы зноў адчуем Яго голас, разгледзім Яго аблічча, атрымаем Яго Духа. “Божае слова робіць нас блізкімі да Бога: не будзем трымаць яго далёка”, - заахвоціў Пантыфік.

Святы Айцец параіў вернікам заўсёды насіць Божае слова з сабой, у кішэні ці смартфоне, зрабіць для яго годнае месца дома. “Пакладзем Евангелле ў месца, дзе будзем памятаць адчыняць яго штодзённа, магчыма на пачатак і заканчэнне дня, каб сярод многіх слоў, якія ўваходзяць нам у вушы, нашага сэрца дасягала некалькі радкоў Божага слова. Каб рабіць гэта, папросім Пана аб сіле, неабходнай, каб выключыць тэлевізар і адкрыць Біблію; каб адкласці смартфон і разгарнуць Евангелле. На працягу гэтага літургічнага году мы чытаем Евангелле св. Марка, самае простае і кароткае. Чаму б не пачытаць яго таксама самастойна, па невялікім урыўку кожны дзень? Гэта дазволіць нам адчуць Пана блізка і напоўніць мужнасцю на жыццёвым шляху”, - звярнуў увагу Папа.
 

24 студзеня 2021, 10:22