Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 

Папа: малітва павінна спрыяць любові да хрысціян іншых канфесій

Па бескарыслівай любові можна пазнаць ці належым да галінаў Езуса, - заўважыў Пантыфік у гаміліі на заканчэнне 54-га Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

25 студзеня 2021 г. у базыліцы св. Паўла за Мурамі адбылася кульмінацыйная падзея ў рамках штогадовай экуменічнай ініцыятывы – малітва Нешпараў з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей. Святы Айцец не змог прыняць удзел у набажэнстве асабіста па стане здароўя. Гамілію, падрыхтаваную ім, агучыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Спаслаўшыся на словы Хрыста з Евангелля св. Яна: “Заставайцеся ў Маёй любові” (15, 9), Папа заўважыў, што Езус спалучаў гэты заклік з вобразам вінаграднай лазы і галін, дзе лазой з’яўляецца Ён, а галінамі – усе ахрышчаныя. “Мы можам узрастаць і прыносіць плён толькі тады, калі з’яднаныя з Езусам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Папы, заставацца ў Езусе, магчыма дзякуючы малітве, неабходнай нам “як вада для жыцця”. “Гэта шлях, які дазваляе занесці да сэрца Пана ўсё, што напаўняе нашыя сэрцы, надзеі і страхі, радасці і пакуты”, - дадаў ён.

Гаворачы пра еднасць паміж хрысціянамі, Пантыфік параўнаў вызнаўцаў розных канфесій з сазлучанымі сасудамі: “дабро і зло, якое чыніць кожны, выліваецца на іншых”.

“У духоўным жыцці дзейнічае “закон дынамікі”: мы набліжаемся да іншых у той меры, у якой застаёмся ў Богу, і застаёмся ў Богу ў той меры, у якой набліжаемся да іншых”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Малітва павінна весці да любові, у адваротным выпадку яна ператвараецца ў “пусты рытуал”, - заўважыў Пантыфік. “Калі наша пакланенне Богу будзе сапраўдным, будзем узрастаць у любові да ўсіх, хто наследуе Езуса, незалежна ад таго, да якой хрысціянскай супольнасці належаць, бо, нават калі яны не “нашы”, яны – Яго”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец прызнаў, што “любіць братоў – нялёгка”, бо кідаюцца ў вочы іх хібы і недахопы, а ў памяці паўстаюць старыя раны. Ён заклікаў наследаваць прыклад Пана, “дасведчанага вінаградара”, які адразае бясплодныя галіны і ачышчае тыя, што прыносяць плён. Важна адмовіцца ад забабонаў і зямной прыхільнасці, якія перашкаджаюць поўнаму адзінству з братамі і адцягваюць ад Евангелля, - лічыць Пантыфік.

Хрысціяне павінны быць бліжнімі не толькі для тых, хто падзяляе іх каштоўнасці, але і для ўсяго чалавецтва. “Няхай Святы Дух, крыніца ласкі, дапаможа нам жыць бескарыслівасцю, любіць нават тых, хто не любіць нас, бо менавіта ў чыстай і шчырай любові Евангелле прыносіць плён. Дрэва пазнаецца па пладах: па бескарыслівай любові можна пазнаць тое, наколькі належым да галін Езуса”, - сцвердзіў Францішак.

Святы Айцец заклікаў хрысціян да канкрэтнасці ў любові да ўсіх, а таксама да супольнага клопату пра навакольнае асяроддзе. Ён падзякаваў усім, хто на працягу Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян узносіў да Бога просьбы ў гэтай інтэнцыі.
 

25 студзеня 2021, 18:20