Папскае пасланне на Сусветны дзень хворых
Яго тэма: “Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты”. Яна ўзята з фрагмента Евангелля св. Мацвея, у якім Езус крытыкуе крывадушнасць тых, хто гаворыць, але не робіць (Мц 23, 1-12), і перасцерагае ад небяспекі ўпасці ў пакланенне самому сабе. У ім Збаўца таксама прапануе ўзор паводзін, цалкам супрацьлеглы крывадушнасці. Ён запрашае спыніцца, выслухаць, усталяваць прамыя і асабістыя адносіны з іншым чалавекам, адчуць суперажыванне і эмоцыі, удзельнічаць у яго пакутах і клапаціцца пра яго.
Святы Айцец заўважыў, што перажыванне хваробы прымушае нас адчуваць сваю бездапаможнасць і адначасова прыроджаную патрэбу ў іншым чалавеку. Мы ўсведамляем сваю залежнасць ад Бога і адчуваем, што не маем канчатковага ўплыву на сваё здароўе. Хвароба ўздымае пытанне пра сэнс жыцця, якое ў веры скіравана да Бога і мае на мэце пошук новага разумення таямніцы існавання. Адказу на гэта пытанне нельга знайсці адразу.
Спасылаючыся на крызіс, выкліканы пандэміяй, Пантыфік заявіў, што, з аднаго боку, ён выявіў недасканаласць сістэмы аховы здароўя, асабліва ў сферы догляду за пажылымі людзьмі і роўнага доступу да дапамогі, а з іншага боку, падкрэсліў адданасць і шчодрасць медыцынскіх работнікаў, валанцёраў і духавенства, якія дзякуючы свайму прафесіяналізму, самаадданасці, пачуццю адказнасці і любові да бліжняга дапамагалі, выхоўвалі, суцяшалі і служылі хворым і іх сем’ям.
Святы Айцец нагадаў пра важнасць самых глыбокіх чалавечых пачуццяў у клопаце пра хворых. Ён звярнуў увагу на блізкасць як на каштоўны бальзам, які дае падтрымку і суцяшэнне тым, хто пакутуе. Як хрысціяне, мы адчуваем блізкасць як выраз любові да Хрыста, Добрага Самараніна, Які са спачуваннем зблізіўся з усімі, параненымі грахом.
Ён заўважыў, што для поспеху лячэбнага працэсу важны аспект чалавечых адносін, дзякуючы чаму можна мець цэласны падыход да пацыента. Належная ацэнка гэтага аспекту таксама дапамагае ўрачам, медсёстрам, спецыялістам і валанцёрам клапаціцца пра тых, хто пакутуе, і суправаджаць іх у працэсе выздараўлення дзякуючы чалавечым адносінам, заснаваным на даверы.
Папа падкрэсліў, што адносіны да хворага чалавека знаходзяць невычэрпную крыніцу матывацыі і сілы ў любові Хрыста, што дэманструе тысячагадовае сведчанне мужчын і жанчын, якія сталі святымі, служачы хворым. “З таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста выцякае любоў, якая можа надаць поўны сэнс як сітуацыі пацыента, так і таго, хто клапоціцца пра яго”, - перакананы Францішак.
Сусветны дзень хворых быў заснаваны ў 1992 г. св. Янам Паўлам ІІ. Ён адзначаецца 11 лютага, у літургічны ўспамін Маці Божай Лурдскай.