Папа падчас аўдыенцыі для футбольнага клуба "Спецыя" Папа падчас аўдыенцыі для футбольнага клуба "Спецыя" 

Святы Айцец: спорт узнімае ўсё лепшае ў чалавеку

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі футбалістаў і кіраўніцтва італьянскага клуба “Спецыя”. За дзень да візіту каманда перамагла з лікам 4:2 рымскую “Рому” у турніры за Кубак Італіі.

Сустрэча прайшла перад агульнай аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы. Папа павіншаваў сваіх гасцей з важнай перамогай і заўважыў, што вынік матчу нагадаў яму пра рытм аргентынскага танга – дзве чвэрці.

“Дзякую за гэты візіт, мне прыемна назіраць за намаганнямі моладзі ў спорце, таму што спорт – гэта цуд, спорт узнімае ўсё лепшае, што маем у сабе”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў спартсменаў працягваць у тым жа духу і падзякаваў ім за добрае сведчанне.

Футбольны клуб “Спецыя” паходзіць з аднайменнага горада ў рэгіёне Лігурыя на поўначы Італіі. Ён быў заснаваны яшчэ ў 1906 г., але толькі першы ў сваёй гісторыі сезон гуляе ў “Cерыі А” – вышэйшай італьянскай футбольнай лізе. Пасля перамогі над “Ромай” каманда выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Італіі, дзе сустрэнецца з “Напалі”.
 

20 студзеня 2021, 12:28