Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да музыкантаў: ці дазволім мы нарадзіцца новай песні?

Папа падзякаваў музыкантам, чыя творчасць дапамагае людзям перажыць складаныя часы пандэміі. Ён запісаў відэапасланне да ўдзельнікаў 4-й Міжнароднай музычнай канферэнцыі, якая праходзіць 4-5 лютага 2021 г.

Францішак выказаў спадзяванне, што сфера музыкі, якая пацярпела ад эпідэмічных абмежаванняў, адродзіцца, і чалавецтва зноў “будзе атрымліваць асалоду ад музыкі і спеваў”. Ён працытаваў Дон Кіхота з твору Мігеля Сервантэса: “Там, дзе ёсць музыка, нічога дрэннага быць не можа”, і заўважыў, што сіла музыкі здольная стымуляваць сумленне чалавека і весці да ўсеагульнага братэрства.

Святы Айцец лічыць, што “добры музыкант ведае значэнне цішыні, значэнне паўзы”, бо чаргаванне гуку і цішыні дапамагае слухаць і “адыгрывае асноўную ролю ў любым дыялогу”.

“Паважаныя музычныя дзеячы, існуе агульны выклік – умець слухаць адзін аднаго. У літургіі нам прапануецца слухаць Слова Божае. Слова – гэта наш “тэкст”, асноўны тэкст, а супольнасць – наш “кантэкст”. Слова – гэта крыніца сэнсу, яно асвятляе і накіроўвае падарожжа супольнасці. (...) Музыка таксама можа дапамагчы біблейскім тэкстам “гаварыць” у новых і розных культурных кантэкстах, каб Боскае Слова магло эфектыўна дасягаць чалавечага розуму і сэрца”, - звярнуўся Францішак.

Папа прызнаўся, што “асаблівым чынам думае пра цывілізацыю карэнных народаў, у якіх падыход да музыкі інтэграваны з іншымі рытуальнымі элементамі танца і свята”. Ён бачыць тут вялікі патэнцыял для евангелізацыі.

“Хацеў бы скончыць пытаннем, якое ўзнікае спантанна ў сітуацыі, выкліканай пандэміяй: цішыня, у якой мы жывём, пустая ці мы знаходзімся ў фазе прыслухоўвання? Пустата ці слуханне? Ці дазволім мы пасля гэтага нарадзіцца новай песні? Тэкст і кантэкст, прадстаўленыя зараз у новай форме, стымулююць нас да аднаўлення нашага сумеснага падарожжа, таму што “адзінства сэрцаў паглыбляецца адзінствам галасоў” (Musicam sacram, 5). Галасы, музычныя інструменты і кампазіцыі ў бягучым кантэксце працягваюць выказваць гармонію Божага голасу, якая вядзе да "сімфоніі", якой з’яўляецца ўсеагульнае братэрства”, - адзначыў у сваім відэапасланні да музыкантаў Францішак.
 

04 лютага 2021, 12:08