Лагатып Міжнароднага дня чалавечага братэрства Лагатып Міжнароднага дня чалавечага братэрства 

Францішак: маліцца і працаваць на карысць паўсюднага братэрства

Пантыфік скіраваў заклік у сувязі з Міжнародным днём чалавечага братэрства, які будзе ўпершыню адзначацца 4 лютага 2021 г. Такое рашэнне прыняла Генеральная Асамблея ААН.

Папа нагадаў, што ініцыятыва мае сувязь з яго сустрэчай з Вялікім імамам Аль Азхар, шэйхам Ахмедам Эль Таебам, якая адбылася два гады таму ў Абу-Дабі. Падчас яе была падпісана Дэкларацыя аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні.

“Я вельмі радуюся па той прычыне, што народы ўсяго свету далучацца да гэтага святкавання, мэтай якога з’яўляецца ўмацаванне міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу”, - падкрэсліў Святы Айцец на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 3 лютага 2021 г.

З нагоды Міжнароднага дня чалавечага братэрства Францішак прыме ўдзел у анлайн-сустрэчы з Вялікім імамам Аль Азхар, Генеральным сакратаром ААН і іншымі асобамі свету палітыкі.

Спасылаючыся на Рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН аб устанаўленні Дня братэрства, Папа звярнуў увагу на тое, што ў ёй прызнаецца “уклад, які можа зрабіць дыялог паміж усімі рэлігійнымі групамі ў дасягненне больш глыбокага асэнсавання і разумення агульных каштоўнасцей, якія падзяляюцца ўсімі людзьмі”.

“Няхай гэта будзе нашай малітвай і нашымі штодзённым намаганнямі на працягу гэтага года”, - пажадаў вернікам Францішак.
 

03 лютага 2021, 11:15