Папа прыме ўдзел у святкаванні першага Дня чалавечага братэрства
Пантыфік далучыцца да ўрачыстай анлайн-сустрэчы, арганізаванай наследным прынцам Абу-Дабі, шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. У ёй будуць удзельнічаць таксама Вялікі імам універсітэта “Аль Азхар” у Каіры, шэйх Ахмед Аль Таеб, і Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
У рамках падзеі адбудзецца цырымонія абвяшчэння сёлетніх пераможцаў Прэміі Заіда “Чалавечае братэрства”, заснаванай у 2019 г. Яе першымі лаўрэатамі былі Францішак і імам Аль Таеб.
Міжнародны дзень чалавечага братэрства абвесціла Генеральная Асамблея ААН у Рэзалюцыі ад 21 снежня 2020 г. Было вырашана, што датай яго святкавання стане 4 лютага: у гэты дзень у 2019 г. Папа і імам “Аль Азхар” падпісалі сумесную “Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”. Гэта беспрэцэдэнтная падзея адбылася падчас Апостальскага падарожжа Францішка ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Праз некалькі месяцаў пасля падпісання Дэкларацыі быў заснаваны Камітэт па ажыццяўленні яе прынцыпаў. Мэта структуры заключаецца ў прасоўванні братэрства, салідарнасці, узаемнай павагі і разумення. Адзін з праектаў Камітэта – заснаванне “Дома сям’і Абрагама” з сінагогай, касцёлам і мячэццю на востраве Саадыят у Абу-Дабі.
Францішак даручыў падрыхтоўку да святкавання Міжнароднага дня чалавечага братэрства Папскай радзе па міжрэлігійным дыялогу. У спецыяльным відэароліку з гэтай нагоды ён падкрэсліў, што неабходна сканцэнтравацца на тым, што з’яўлецца самым важным для кожнай веры: пашане да Бога і любові да бліжняга. “Братэрства вядзе нас таго, каб адкрыцца Айцу ўсіх людзей і ўбачыць у іншым брата, сястру, каб дзяліцца жыццём і падтрымліваць, любіць і пазнаваць адзін аднаго”, - сцвердзіў Святы Айцец.