Святы Айцец пра злачынства тых, хто дае дзецям зброю
Па меншай меры ў 14 краінах свету дзяцей прымаюць ва ўзброеныя групы і нават у рэгулярныя арміі. Яны становяцца сведкамі і вінаватымі ў жорсткіх учынках. Іх забіваюць, калечаць, гвалтуюць псіхічна і сексуальна.
Паводле ацэнак ЮНІСЕФ, на сённяшні дзень каля 250 тыс. падлеткаў уцягнутыя ва ўзброеныя канфлікты па ўсім свеце. Дзяўчынкі складаюць 40% сярод дзяцей-салдат. Па некаторых дадзеных, у Камеруне, Чадзе, Нігеры і Нігерыі тры чвэрці ўсіх тэрактаў з выкарыстаннем дзяцей здзяйсняюць менавіта дзяўчынкі.
Міжнародны дзень барацьбы супраць выкарыстання дзяцей у якасці салдат быў упершыню адзначаны ў 2002 г., калі ўступіў у сілу Факультатыўны пратакол да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах. Дакумент патрабуе ад дзяржаў пазбягаць прыцягнення дзяцей і падлеткаў ва ўзброеныя сілы або групы, а таксама аказваць дапамогу і падтрымку тым з іх, хто пацярпеў у выніку такой дзейнасці. Яго ратыфікавалі каля 100 дзяржаў.