2021.03.29 Pontificio Collegio Messicano 2021.03.29 Pontificio Collegio Messicano 

Францішак пра асноўныя выклікі евангелізацыі ў Амерыцы

На пяшчоце, згодзе і братэрстве павінна грунтавацца евангелізацыя ў Мексіцы і на ўсім амерыканскім кантыненце, - лічыць Папа. 29 сакавіка 2021 г. ён сустрэўся з святарамі з Мексіканскага калегіума ў Рыме.

Менавіта з пяшчотай, як Бог, трэба глядзець на праблемы, ад якіх пакутуе грамадства: гвалт, сацыяльная і эканамічная няроўнасць, палярызацыя, карупцыя і адсутнасць надзеі, асабліва сярод маладых. Прыкладам тут з’яўляецца Марыя, пяшчотная Маці, і Добры Пастыр, які з ласкавасцю падыходзіць да даручаных яму авечак, у тым ліку і да тых, хто збіўся са шляху.

Сацыяльныя цяжкасці, велізарныя адрозненні і карупцыя патрабуюць ад нас умення “ўплятаць розныя ніткі, вытанчаныя або перарэзаныя, у рознакаляровую тыльму культур, якія складаюць сацыяльную і рэлігійную тканіну нацыі”, - звярнуў увагу Пантыфік, гаворачы аб патрэбе згоды.

“Мы, душпастыры, пакліканы дапамагчы аднавіць паважлівыя і канструктыўныя адносіны паміж людзьмі, групамі і культурамі ў грамадстве, прапаноўваючы ўсім “паяднацца з Богам” (2 Кар 5, 20) і прысвяціць сябе аднаўленню справядлівасці”, - адзначыў Францішак.

Сучасныя абставіны змушаюць нас асаблівым чынам паглядзець на братэрства. Папа заўважыў, што “выклікі, з якімі мы сутыкаемся, настолькі маштабныя, што ахопліваюць сацыяльную структуру і глабалізаваную рэальнасць, узаемазвязаныя сацыяльнымі сеткамі і сродкамі масавай інфармацыі”. Каб адказаць на іх “патрэбныя святло веры і мудрасць тых, хто ведае, як "зняць абутак", каб сузіраць таямніцу Бога і, з гэтага пункту гледжання, чытаць знакі часу”.

Францішак заклікаў адказных за выхаванне святароў “узгадніць акадэмічны, духоўны, чалавечы і душпастырскі аспекты ў пастаяннай фармацыі”. Ён папрасіў не недаацэньваць “свецкія спакусы”, якія могуць прывесці маладое духавенства “да недастатковых асабістых ведаў, пачуцця самадастатковасці, спажывецкасці і шматлікіх форм ухілення ад абавязкаў”.
 

29 сакавіка 2021, 15:19