Пантыфік: Amoris laetitia і рэальнае жыццё сем'яў
“Сёння, ва ўмовах глыбокіх эпахальных і культурных перамен, неабходны свежы погляд на сям'ю з боку Касцёла”: у гэтым, па словах Пантыфіка, заключаецца асноўная мэта Amoris laetitia.
“Недастаткова заяў аб каштоўнасці і важнасці дактрыны, калі мы самі не станем захавальнікамі прыгажосці сям'і і не будзем спачуваць яе далікатнасці і ранам”, - падкрэсліў Францішак.
Застаючыся Божай задумай, сужэнства – гэта шлях, прапанаваны Касцёлам, “каб адносіны, нават прайшоўшы праз няўдачы, падзенні і метамарфозы, маглі адкрыцца для паўнаты радасці і чалавечай самарэалізацыі і стаць закваскай братэрства і любові ў грамадстве”. Гэта пасланне павінна абапірацца на рэальнае жыццё сем'яў, каб не застацца выключна “выдатнай тэорыяй”, - перасцярог Святы Айцец.
Францішак заклікаў падтрымліваць сям'ю і бараніць яе ад таго, што пагражае яе прыгажосці: “спасцігаць гэту таямніцу любові з захапленнем, разважнасцю і пяшчотай”.
Год Сям’я Amoris Laetitia распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка 2021 г. Яго завершыць 26 чэрвеня 2022 г. X Сусветная сустрэча сем’яў.