Пантыфік: ні адна сляза не згублена ў Божым плане збаўлення
Францішак прысвяціў сваё разважанне літургію Пасхальнага Трыдуума. Трансляцыя аўдыенцыі прайшла з бібліятэкі Апостальскага палаца.
Гаворачы пра Імшу Вячэры Пана, Святы Айцец нагадаў, што быў вечар, калі Хрыстус пакінуў сваім вучням запавет сваёй любові ў Эўхарыстыі. Збаўца заклікае нас да ўзаемнай любові, становячыся слугамі адно аднаго.
У сваю чаргу, абмяркоўваючы літургію Мукі Пана, Папа адзначыў, што падчас адарацыі крыжа “мы будзем ісці шляхам нявіннага Ягня, прынесенага ў ахвяру дзеля нашага збаўлення”. “Мы будзем несці ў розуме і сэрцы хворых, бедных і адрынутых гэтым светам; будзем успамінаць "ахвяраваных ягнят", нявінных ахвяр войнаў, дыктатур, штодзённага гвалту, абортаў... Мы прывядзём у малітве да вобраза ўкрыжаванага Бога шмат, занадта шмат, сучасных укрыжаваных, якія толькі ў Ім могуць спазнаць суцяшэнне і зразумець сэнс сваіх пакут”, - адзначыў Францішак.
Затым Папа падкрэсліў, што Вялікая субота стане днём маўчання. Гэта таксама дзень Марыі, якая пільна чакала і спадзявалася на абяцанне Бога, Які ўваскрашае памерлых. “Таму ў самую цёмную гадзіну на свеце яна стала Маці вернікаў, Маці Касцёла і знакам надзеі. Яе сведчанне і заступніцтва падтрымліваюць нас, калі вага крыжа становіцца для нас занадта цяжкай”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец дадаў, што "Уваскрослы дае нам упэўненасць, што дабро заўсёды трыумфуе над злом, што жыццё заўсёды трыумфуе над смерцю, і наша мэта – не апускацца ўсё ніжэй і ніжэй ад суму да смутку, а ўзняцца да высокага. Уваскрослы Пан – пацвярджэнне таго, што Езус мае рацыю ва ўсім: абяцае нам жыццё па-за смерцю і прабачэнне, вышэйшае за нашы грахі”.
Францішак адзначыў, што і ў гэтым годзе велікодныя святкаванні пройдуць у кантэксце пандэміі. Ён адзначыў, што ў многіх сітуацыях пакут “Хрыстовы крыж падобны на маяк, які скіроўвае ў гавань караблі, што ўсё яшчэ плывуць па бурным моры. Гэта знак надзеі, якая не расчаруе; ён сведчыць, што ні адна сляза, ні адзін стогн не згублены ў Божым плане збаўлення”, - сказаў Святы Айцец, завяршаючы сваю катэхезу.