Пантыфік у Іраку: сіла і мудрасць Бога ў міласэрнасці і прабачэнні
У гаміліі Папа нагадаў іракскім вернікам, што ў ранах Хрыста “мы атрымліваем алей Яго міласэрнай любові, бо Ён – Добры самаранін чалавецтва, які жадае намасціць кожную рану, аздаравіць кожны балючы ўспамін, натхніць на мірную і братэрскую будучыню на гэтай зямлі”.
Францішак заўважыў, што Бог аб’явіў сваю сілу і мудрасць у міласэрнасці і прабачэнні, у Сваёй смерці на крыжы, у Сваёй вернасці Айцу. Гэтай сілы і мудрасці, якая аб’явілася крыжы, патрабуем мы ўсе.
Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пры выгнанне Езусам гандляроў і мянялаў з ерузалемскай святыні Францішак заўважыў, што Ён ачышчае не толькі святыню з камня, але ў першую чаргу святыню нашага сэрца.
“Мы павінны трымаць свае сэрцы чыстымі ад хлусні, двайных стандартаў крывадушнасці, да чаго схільныя ўсе”, - сказаў Пантыфік. Ён нагадаў, што для таго, каб ачысціць сэрца, нам патрэбны Езус: Ён мае сілу аздаравіць нашы духоўныя і фізічныя немачы, аднавіць святыню нашага сэрца”, - дадаў ён.
“Гэта адна з прычын, якая падштурхнула мяне прыехаць у пілігрымку да вас, каб падзякаваць вам і ўмацаваць вас у веры і сведчанні. Сёння я маю магчымасць убачыць і адчуць, што Касцёл у Іраку жывы, што Хрыстус жывы і дзейнічае ў Сваім святым і верным народзе”, - завяршыў гамілію Пантыфік.
Пасля св. Імшы Францішак скіраваў словы прывітання і ўдзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы яго візіту. Папа запэўніў, што Ірак назаўсёды застанецца ў яго сэрцы, а таксама заклікаў вернікаў гэтай краіны разам працаваць на карысць будучыні міру і росквіту.