Папа падчас малітвы за ахвяр вайны ў Масуле Папа падчас малітвы за ахвяр вайны ў Масуле 

Малітва Папы ў Масуле: у вачах Бога мы ўсе браты

Братэрства мацнейшае за братазабойства, надзея мацнейшая за смерць, мір мацнейшы за вайну, - падкрэсліў Папа перад малітвай за ахвяр вайны, якую правёў 7 сакавіка 2021 г. у іракскім Масуле.

Малітва прайшла на плошчы Гош Аль-Біэа, пасярод руін чатырох цэркваў розных канфесій, знішчаных ісламскімі тэрарыстамі ў 2014-2017 гг. Францішак выслухаў кранальныя сведчанні пра лёс шматлікіх хрысціянскіх сем’яў, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы, і пра рэлігійную разнастайнасць рэгіёну.

Папа заўважыў, што трагічнае змяншэнне колькасці вызнаўцаў Хрыста ў Іраку і на ўсім Блізкім Усходзе наносіць вялікую шкоду не толькі самім вернікам і хрысціянскім супольнасцям, але і грамадствам, якія яны пакідаюць. Адна вырваная з мастацкага дывана нітка можа сапсаваць усю кампазіцыю, - сказаў ён.

Святы Айцец прывітаў заклік, скіраваны да хрысціянскай супольнасці, вярнуцца ў Масул і адыграць сваю ролю ў працэсе яго аднаўлення і аздараўлення грамадства ад наступстваў вайны і варожасці.

“Як жорстка, што на гэту краіну, калыску цывілізацыі, абрынулася такая бесчалавечная бура, што прывяла да разбурэння старажытных месцаў культа і гвалтоўнага абяздолення ці забойства тысяч людзей – мусульман, хрысціян, язідаў і іншых”, - сказаў Папа.

“Сёння, нягледзячы ні на што, мы пацвярджаем наша перакананне ў тым, што братэрства мацнейшае за братазабойства, надзея мацнейшая за смерць, мір мацнейшы за вайну. Гэта перакананне кажа больш красамоўна, чым нянавісць і насілле, і ніколі не зможа быць задушана крывёю, якую праліваюць тыя, хто выкарыстоўвае імя Бога, ідучы шляхамі разбурэння”, - дадаў ён.

Пасля прамовы Святы Айцец узнёс малітву аб вечным адпачынку для ахвяр вайны, а таксама за вызнаўцаў усіх рэлігій, каб маглі жыць у гармоніі і міры, усведамляючы, што ў вачах Бога мы ўсе з’яўляемся братамі і сёстрамі.

На завяршэнне сустрэчы Пантыфік благаславіў памятны крыж аб гэтай падзеі з надпісам на арабскай і англійскай мовах: “Масулу і даліне Нінівы на ўспамін аб візіце Яго Святасці Папы Францішка, пасланніка міру і братэрскай любові. Тут, дзе хрысціяне падвяргаліся прымусоваму перасяленню (2013-2017), Папа маліўся аб пашырэнні міру і справядлівасці, мірнага суіснавання і братэрства паміж людзьмі”.
 

07 сакавіка 2021, 09:06