Папа падчас Анёл Панскі: жыццё прарастае, каб прынесці плады
Францішак змясціў у цэнтры свайго разважання словы грэкаў, скіраваныя да вучняў Езуса ў Ерузалеме незадоўга да Яго Мукі: "Пане, мы хочам бачыць Езуса" (Ян 12, 21). Папа заўважыў, што, кажучы пра зерне пшаніцы, якое прыносіць багаты ўраджай, толькі тады, калі яно загіне ў глебе, Езус нібы паказваў на крыж.
Менавіта крыж з'яўляецца найвышэйшым сімвалам хрысціянства і абавязвае нас прыводзіць жыццё ў адпаведнасць з Евангеллем. "Крыж не можа не выяўляць любоў, служэнне і безумоўнае самаадданне: толькі такім чынам ён сапраўды з'яўляецца "дрэвам жыцця", багатым жыццём", - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак адзначыў, што сёння вельмі шмат людзей хацела б ведаць Езуса. І на гэта хрысціяне павінны адказваць сведчаннем жыцця, аддаючы сябе ў служэнні.
“Ідэя заключаецца ў тым, каб пасеяць зерне любові не словамі, якія мінаюць, а канкрэтным, простым і смелым прыкладам. У такім выпадку Бог сваёй ласкай дапамагае нам прыносіць плён, нават калі глеба бясплодная з прычыны непаразуменняў, цяжкасцей ці пераследу. Менавіта тады, у цяжкім вопыце і адзіноце, калі насенне гіне, надыходзіць момант, калі жыццё прарастае, каб своечасова прынесці саспелыя плады. У гэтым перапляценні смерці і жыцця мы можам адчуць радасць і сапраўдную плённасць любові”, - сказаў Святы Айцец.