Пошук

Святы Айцец: адказ Марыі змяніў гісторыю чалавецтва

Адкрыць дзверы свайго сэрца і розуму Езусу, народжанаму ад Беззаганнай Панны Марыі, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 8 снежня 2024 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец нагадаў, што ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі “Евангелле распавядае пра адзін з найважнейшых момантаў у гісторыі чалавецтва – пра Звеставанне”, (пар. Лк 26-38), калі Марыя сказала так, дазволіўшы Сыну Божаму Езусу ўцелавіцца. “Гэта сцэна выклікае найвялікшае здзіўленне і замілаванне, таму што Бог, Усявышні, Усемагутны, з дапамогай анёла гутарыць з маладой дзяўчынай з Назарэта, просячы яе аб супрацоўніцтве ў Яго задуме збаўлення”, - сказаў Папа.

Як на фрэсцы Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле, дзе палец Нябеснага Айца датыкаецца да пальца чалавека, так і тут чалавечае і Боскае сустракаюцца ў той благаслаўлёны момант, калі Панна Марыя прамаўляе так. “Жанчына з далёкай вёсачкі назаўжды апынулася ў цэнтры гісторыі: ад яе адказу залежыць лёс чалавецтва, якое можа зноў усміхацца і спадзявацца, таму што яго лёс у надзейных руках”.

Марыя “поўная ласкі" (Лк 1, 28), беззаганная, цалкам аддае сябе ў служэнне Слову Божаму, заўсёды з Панам, якому яна цалкам даручае сябе. У ёй няма нічога, што пярэчыла б Яго волі, нічога, што супрацьстаяла б праўдзе і міласэрнасці. “Гэтую яе ласку будуць праслаўляць усе пакаленні. Давайце і мы ўзрадуемся, таму што Беззаганная падарыла нам Езуса, наша збаўленне!” - заклікаў Пантыфік.

Францішак заахвоціў вернікаў “паразважаць над гэтай таямніцай і спытаць сябе: у наш час, спустошаны войнамі і імкненнем да валодання і панавання, на што ўскладаю я свае надзеі? На моц, на грошы, на ўплывовых сяброў або на бясконцую міласэрнасць Бога? Сутыкаючыся з бліскучымі фальшывымі мадэлямі, якія распаўсюджваюць у сродках масавай інфармацыі і Інтэрнэце, дзе мне шукаць шчасце? Дзе скарб майго сэрца? Можа быць, справа ў тым, што Бог любіць мяне бескарысна, што Яго любоў заўсёды апярэджвае мяне і гатова дараваць мне, калі я вярнуся да Яго ў раскаянні? Ці не падманваю я сябе, імкнучыся любой цаной адстаяць сваё эга і настаяць на сваім?”

“Браты і сёстры, па меры набліжэння адкрыцця Святой Брамы Юбілею давайце адкрыем дзверы свайго сэрца і розуму Пану Езусу, народжанаму ад Беззаганнай Марыі, і будзем маліць аб заступніцтве Маці”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў паспавядацца, “адкрыць сваё сэрца, і Пан даруе ўсё, усё, усё”.

08 снежня 2024, 12:39

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >