Анёл Панскі: усё мінае, а Хрыстус застаецца
Марыя Валодзіна - Vatican News
“У Евангеллі сённяшняй літургіі Езус апісвае вялікую тугу: "Зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго". (Мк 13, 24). Сутыкнуўшыся з такімі пакутамі, многія могуць падумаць пра канец свету, але Пан карыстаецца гэтай нагодай, каб прапанаваць нам іншы ключ да разумення, кажучы: "Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць" (Мк 13, 31), - адзначыў Папа, прапаноўваючы паразважаць над тым, што мінае, і тым, што застаецца навечна.
“У некаторых абставінах нашага жыцця, калі мы перажываем крызіс або няўдачу, а таксама калі мы бачым вакол сябе боль, выкліканы войнамі, гвалтам, стыхійнымі бедствамі, у нас узнікае адчуванне, што набліжаецца канец, і мы адчуваем, што нават самыя прыгожыя рэчы праходзяць. Аднак крызісы і няўдачы, хоць і балючыя, важныя, бо яны вучаць нас надаваць кожнай рэчы правільную вагу, не прывязваць сэрца да рэалій гэтага свету, бо яны пройдуць, ім наканавана мінуць”, - сказаў Святы Айцец.
“Езус кажа і пра тое, што застаецца. Усё мінае, але Яго словы не мінуць: яны застаюцца навечна. Такім чынам Ён заклікае нас больш не жыць у страху смерці і давяраць Евангеллю, якое абяцае збаўленне і вечнасць. Таму што ўсё мінае, а Хрыстус застаецца. Аднойчы ў Ім мы знойдзем рэчы і людзей, якія суправаджалі нас у зямным існаванні і мінулі. У святле гэтага абяцання ўваскрасення кожная рэалія набывае новы сэнс: усё памірае, і мы таксама аднойчы памром, але не страцім нічога з таго, што пабудавалі і палюбілі, бо смерць будзе пачаткам новага жыцця”, - сцвердзіў Францішак.
“Нават у нягодах, крызісах, няўдачах Евангелле заклікае нас глядзець на жыццё і гісторыю без страху страціць тое, што мінае, але з радасцю за тое, што застаецца: Бог рыхтуе для нас будучыню жыцця і радасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці прывязаныя мы да зямных рэчаў, якія хутка мінаюць, або да слоў Пана, якія застаюцца і вядуць нас да вечнасці?
“Давайце памолімся Найсвяцейшай Панне Марыі, якая цалкам даверылася Слову Божаму, каб яна заступалася за нас”, - заахвоціў Пантыфік слухачоў.