Пошук

Кніга "“Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?”" Кніга "“Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?”" 

Папа падзяліўся ўспамінамі пра малітву аб спыненні пандэміі

Дыкастэрыя па камунікацыі і Ватыканскае выдавецтва апублікавалі кнігу, прысвечаную малітве аб спыненні пандэміі, якую Папа правёў 27 сакавіка 2020 г. на плошчы св. Пятра.

Выданне “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” утрымлівае фотаздымкі той надзвычайнай падзеі, успаміны Францішка пра яе, а таксама тэксты важных прамоў Папы на тэму пандэміі. Загалоўкам сталі словы Езуса, скіраваныя да вучняў, напалоханых бурай у моры. Гэты евангельскі ўрывак быў асновай разважання Пантыфіка падчас мінулагодняй малітвы.

““Я ішоў у адзіноце, думаючы пра самотнасць многіх людзей...”, - падзяліўся Францішак, узгадваючы пра падзею. У той час Папа прызнаўся, што адчуваў еднасць многіх людзей.”

“Мне прыйшлі на думку дзве рэчы: з аднаго боку пустая плошча, людзі, злучаныя праз медыя на адлегласці..., а з іншага боку – помнік з мігрантамі ў чоўне. Мы ўсе ў адным чоўне, і не ведаем, колькі людзей зможа з яго выйсці”, - цытуюцца словы Пантыфіка на старонках кнігі.

У той вечар на плошчы св. Пятра быў размешчаны старажытны цудатворны крыж з рымскага касцёла Сан-Марчэла-аль-Корса. На заканчэнне малітвы Францішак падышоў да яго і пацалаваў ногі драўлянай фігуры Езуса. “Цалаванне ног Укрыжаванага заўсёды прыносіць надзею. Ён ведае, што значыць хадзіць, і ведае, што такое каранцін, бо Яго ногі прыбілі двума цвікамі, каб не мог рухацца”, - заўважыў Святы Айцец.

У прадмове да кнігі прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падзяліўся, што аўтарам ідэі правядзення надзвычайнай малітвы, якая б злучыла ўвесь устрывожаны свет з плошчай св. Пятра, быў кс. Марка Поца, капелан падуанскай турмы, з якім Пантыфік сустракаўся ў рамках некалькіх тэлевізійных праектаў.
 

27 сакавіка 2021, 11:22