Папа падзяліўся ўспамінамі пра малітву аб спыненні пандэміі
Выданне “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” утрымлівае фотаздымкі той надзвычайнай падзеі, успаміны Францішка пра яе, а таксама тэксты важных прамоў Папы на тэму пандэміі. Загалоўкам сталі словы Езуса, скіраваныя да вучняў, напалоханых бурай у моры. Гэты евангельскі ўрывак быў асновай разважання Пантыфіка падчас мінулагодняй малітвы.
“Мне прыйшлі на думку дзве рэчы: з аднаго боку пустая плошча, людзі, злучаныя праз медыя на адлегласці..., а з іншага боку – помнік з мігрантамі ў чоўне. Мы ўсе ў адным чоўне, і не ведаем, колькі людзей зможа з яго выйсці”, - цытуюцца словы Пантыфіка на старонках кнігі.
У той вечар на плошчы св. Пятра быў размешчаны старажытны цудатворны крыж з рымскага касцёла Сан-Марчэла-аль-Корса. На заканчэнне малітвы Францішак падышоў да яго і пацалаваў ногі драўлянай фігуры Езуса. “Цалаванне ног Укрыжаванага заўсёды прыносіць надзею. Ён ведае, што значыць хадзіць, і ведае, што такое каранцін, бо Яго ногі прыбілі двума цвікамі, каб не мог рухацца”, - заўважыў Святы Айцец.
У прадмове да кнігі прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падзяліўся, што аўтарам ідэі правядзення надзвычайнай малітвы, якая б злучыла ўвесь устрывожаны свет з плошчай св. Пятра, быў кс. Марка Поца, капелан падуанскай турмы, з якім Пантыфік сустракаўся ў рамках некалькіх тэлевізійных праектаў.