Св. Альфонс дэ Лігуоры Св. Альфонс дэ Лігуоры 

Папа: св. Альфонс – настаўнік міласэрнасці і евангелізацыі

Шукаць шлях, які будзе не аддаляць, а набліжаць сэрцы людзей да Бога, - заклікаў Францішак у лісце з нагоды 150-годдзя абвяшчэння св. Альфонса Марыі дэ Лігуоры Доктарам Касцёла.

Дакумент быў абнародаваны 23 сакавіка 2021 г. Папа скіраваў яго на імя а. Майкла Брэля, Генеральнага настаяцеля кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля і Генеральнага мадэратара Альфонсіянскай акадэміі ў Рыме.

Пантыфік заўважыў, што “тэалагічная прапанова” св. Альфонса грунтавалася на слуханні і прыняцці слабасці людзей, найбольш пакінутых з духоўнага пункту гледжання.

Маючы юрыдычную адукацыю і досвед працы адвакатам, першапачаткова св. Альфонс меў вельмі строгі падыход у маральным плане. Але яго сустрэча з экзістэнцыяльнымі перыферыямі свайго часу, пошук далёкіх ад веры людзей і спавяданне прывялі да паступовага навяртання ў кірунку “рашучага місійнага душпастырства”, якое характарызавала блізкасць да народа, разуменне яго жыцця, поўнага абмежаванняў і выклікаў. Місійны досвед паспрыяў яго адкрытасці на міласэрнасць, на “евангелізацыйную дынаміку, здольную дзейнічаць праз прыцягальнасць”.

Папа нагадаў, што св. Альфонс не быў ні вельмі суровым, ні занадта паблажлівым. Ён быў “рэалістам у сапраўдным хрысціянскім сэнсе”, бо добра зразумеў, што “у сэрцы Евангелля знаходзіцца супольнае жыццё і клопат пра іншых”.

Пантыфік заклікаў “экспертаў у маральнай тэалогіі, місіянераў і спаведнікоў па прыкладзе гэтага святога ўвайсці ў “жывыя адносіны з Божым народам, глядзець на жыццё, адштурхоўваючыся ад сітуацыі людзей, каб разумець рэальныя цяжкасці, якія сустракаюць, і дапамагаць аздараўляць раны”.

Паводле Францішка, рэфлексія маральнай тэалогіі не можа абмяжоўвацца “фармуліроўкай прынцыпаў і норм; яна павінна браць на сябе цяжар выпрацоўкі прапаноў адносна рэчаіснасці, якая пераўзыходзіць якія-кольвечы ідэі”.

“Гэта прыярытэт, бо выключна ведання тэарэтычных прынцыпаў, як нагадвае нам сам св. Альфонс, недастаткова для таго, каб суправаджаць і падтрымліваць сумленні людзей у распазнанні дабра, якое павінны зрабіць”, - лічыць Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што “евангельскі радыкалізм не павінен супрацьпастаўляцца слабасці чалавека”. Таму “трэба шукаць шлях, які будзе не аддаляць, а набліжаць сэрцы людзей да Бога, як рабіў гэта св. Альфонс сваім духоўным і маральным вучэннем”.

“Большасць бедных мае адкрытасць на веру, мае патрэбу ў Богу і мы не можам не несці ім Яго сяброўства, Яго благаслаўленне, Яго слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і прапанову шляху росту і сталення ў веры”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Ён заклікаў выходзіць насустрач народу, што “дапаможа пераадолець індывідуалістычную этыку і паспрыяе маральнаму сталенню, якое выбірае сапраўднае дабро”. “Фарміруючы адказныя і міласэрныя сумленні, мы атрымаем сталы Касцёл, здольны канструктыўна адказваць на сацыяльныя нястачы ў перспектыве Нябеснага Валадарства”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб маральная тэалогія ўмела заўважыць і патрабаванні Евангелля, і чалавечыя слабасці, была ўважлівай да актуальных грамадскіх выклікаў і спрыяла агульнаму дабру, братэрству, абароне жыцця і стварэння.

Св. Альфон Марыя дэ Лігуоры быў абвешчаны Доктарам Касцёла 23 сакавіка 1871 г. адмысловай булай Пія IХ. Ён лічыцца нябесным апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў.
 

23 сакавіка 2021, 12:50