Папа падчас св. Імшы з нагоды 500-годдзя хрысціянства на Філіпінах Папа падчас св. Імшы з нагоды 500-годдзя хрысціянства на Філіпінах 

Папа ўзначаліў св. Імшу з нагоды 500-годдзя хрысціянства на Філіпінах

Шукаць радасць не ў марах пра ўласную веліч ці матэрыяльных дабротах, а ў служэнні і любові, - заклікаў Папа вернікаў з Філіпін падчас св. Імшы з нагоды 500-годдзя пачатку евангелізацыі гэтай краіны.

Урачыстая літургія з удзелам членаў філіпінскай дыяспары ў Рыме прайшла 14 сакавіка 2021 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Яна распачалася пад гукі традыцыйных спеваў і працэсіяй з копіямі крыжа, устаноўленага ў 1521 г. на востраве Себу, і традыцыйнай фігуркі Дзіцятка Езуса, якую партугальскі мараплавец Фэрнанда Магелан уручыў тады мясцоваму правадыру. Сёння Філіпіны з’яўляюцца адзінай краінай у Азіі, дзе большасць насельніцтва складаюць католікі, а таксама трэцяй па колькасці католікаў краінай у свеце

У гаміліі Папа падзякаваў філіпінскім вернікам за сведчанне радасці Евангелля, якую яны “нясуць усяму свету і хрысціянскім супольнасцям”. Ён нагадаў, што ў аснове хрысціянскай радасці знаходзіцца “не ідэя ці дактрына, але Езус, Сын, якога Айцец нам падарыў, каб мелі жыццё”.

“Фундамент нашай радасці – гэта не прыгожая тэорыя адносна таго, як быць шчаслівымі, але ўсведамленне таго, што нас суправаджаюць і любяць на жыццёвым шляху”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што Бог з любові прыйшоў да людзей у асобе Езуса, каб адшукаць нам там, дзе мы згубіліся, каб дапамагчы нам узняцца пасля падзенняў, каб вылечыць нашы раны і назаўсёды благаславіць наша жыццё.
Прыняцце добрай навіны пра любоў Бога, які прагне збаўлення, а не асуджэння чалавека, бароніць нас ад смутнай і закрытай рэлігійнасці, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што Бог выразіў сваю любоў не ў словах, а ў дары Свайго Сына, бо “той, хто любіць выходзіць з закрытасці ў сабе”. Сіла любові “разбівае шкарлупіну эгаізма”, разбурае муры і перамагае страх, каб стаць дарам. “Той, хто любіць аддае перавагу, таму, каб рызыкнуць, прыносячы сябе ў дар”, а не таму, каб “атрафіравацца, засяроджваючыся на сябе”. “Чым больш любім, тым больш становіцца здольнымі дарыць”, - дадаў Папа.

Пантыфік заклікаў не шукаць радасці там, дзе яе няма: у ілюзіях, якія знікаюць, у марах пра ўласную веліч, у пошуку меркаванай бяспекі ў матэрыяльных рэчаў ці кульце ўласнага вобразу.

“Жыццёвы досвед вучыць нас, што сапраўдная радасць заключаецца ў тым, каб адчуваць, што нас бескарысліва любяць, суправаджаюць, што маем кагосьці, хто раздзяляе нашы мары, а калі пацерпім крушэнне, прыйдзе нам дапамагчы і прывесці ў бяспечны порт”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што радасць Евангелля, якую філіпінцы атрымалі 500 гадоў таму, бачная ў вачах, абліччах, спевах і малітвах гэтага народу. Ён падзякаваў за хрысціянскае сведчанне, якое яны нясуць у розных частках свету праз сваю “сціплую і працавітую прысутнасць”, становячыся “кантрабандыстамі веры”.

Завяршаючы гамілію Святы Айцец заклікаў філіпінскіх католікаў абвяшчаць Евангелле праз служэнне і любоў, каб людзі бачылі іх сведчанне і захапляліся тым, што Касцёл любіць свет, а не асуджае яго.
 

14 сакавіка 2021, 12:24