Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: не вырабляць зброю, а ратаваць жыцці людзей

Горш за актуальны крызіс можа быць толькі змарнаванне магчымасцей для перамен, да якіх ён падштурхоўвае, - падкрэсліў Пантыфік у інтэрв’ю ватыканісту італьянскай “La Stampa” Даменіка Агаса.

16 сакавіка 2021 г. тэкст размовы будзе апублікаваны ў фармаце кнігі пад назвай Бог і будучы свет (Dio e il mondo che verrà). На яе старонках, адказваючы на пытанні журналіста пра актуальныя праблемы сучаснага свету, Францішак дзеліцца думкамі адносна іх вырашэння.

Папа лічыць, што для пераадолення пандэміі недастаткова надзвычайных мер. “Пандэмія – гэта сігнал трывогі, над якім чалавек вымушаны разважаць. Такім чынам гэты час выпрабаванняў можа стаць часам мудрых і дальнабачных рашэнняў дзеля дабра чалавецтва. Усяго чалавецтва”, - сказаў ён.

Пантыфік перакананы, што чалавецтва больш не можа пагаджацца з існаваннем няроўнасці і дэградацыяй навакольнага асяроддзя. “Шлях збаўлення чалавецтва праходзіць праз стварэнне новай мадэлі развіцця, пры якой бясспрэчным будзе суіснаванне паміж народамі ў гармоніі са стварэннем”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра наступствы індывідуальных дзеянняў чалавека для іншых людзей, “бо ўсё злучана паміж сабой”. У сувязі з гэтым ён заклікаў да больш ашчаднага і сціплага ладу жыцця і вяртання правоў тым, у каго яны былі забраны.

Станоўчымі знакамі Францішак назваў ініцыятывы, якія паходзяць “знізу”, і “імкнуцца канкрэтызаваць новы позірк на наш супольны дом”: глядзяць на планету не як на склад рэсурсаў, якія трэба выкарыстаць, а як на сад, які трэба агарнуць любоўю і клопатам. Ён звярнуў увагу на адчувальнасць моладзі да экалагічных праблем.

“Калі не закасаем рукавы і не пачнем неадкладна клапаціцца пра Зямлю, праз асабістыя дзеянні і радыкальныя палітычныя рашэнні з разваротам у бок “зялёнай” эканомікі і скіраваннем у гэтым напрамку тэхналагічнай эвалюцыі, раней ці пазней супольны дом выкіне нас у вакно. Мы больш не можам губляць час”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў пра важнасць пераадолення спекулятыўнага мыслення ў фінансавай сферы і спрыяння этычным і адказным інвестыцыям, каб абмежаваць падтрымку прадпрыемстваў, якія наносяць шкоду экалогіі і міру. Фінансаванне прамысловых прадпрыемстваў, якія не спрыяюць інклюзіўнасці і забруджваюць навакольнае асяроддзе ён назваў абуральным.

Святы Айцец перакананы, што горшым за актуальны крызіс можа быць толькі змарнаванне магчымасцей для перамен, да якіх ён падштурхоўвае. Таму зараз важна ўмацоўваць братэрства, будаваць сусветны парадак заснаваны на салідарнасці, змагацца з несправядлівасцю, імкнуцца гарантаваць медыцынскую дапамогу ўсім.

Папа назваў “нязносным” той факт, што велізарныя рэсурсы прызначаюцца на вытворчасць і гандль зброі, замест таго, каб накіроўваць іх на лячэнне людзей і ратаванне жыццяў. “Мы не можам надалей рабіць выгляд, што не заўважаем драматычнага заганнага кола паміж узброеным насіллем, беднасцю і бессэнсоўнай і раўнадушнай эксплуатацыяй навакольнага асяроддзя. Гэта цыкл, які перашкаджае прымірэнню, умацоўвае парушэнні правоў чалавека і замінае ўстойліваму развіццю. Супраць гэтага каласоўніка планетарнага маштабу, які душыць нараджэнне будучыні чалавецтва, неабходна палітычная дзейнасць, якая будзе плёнам міжнароднай згоды. Па-братэрску з’яднаныя людзі ў стане адказаць на супольныя пагрозы больш не прыбягаючы пра контрпрадуктыўных узаемных абвінавачванняў, інструменталізацыі праблем, блізарукага нацыяналізму, прапаганды закрытасці, ізаляцыянізму і іншых форм палітычнага эгаізму”, - перакананы Святы Айцец.
 

15 сакавіка 2021, 11:18