Святы Айцец развітаўся з Іракам
Перад развітаннем з іракскай сталіцай Папа прыватна цэлебраваў св. Імшу ў капліцы Апостальскай нунцыятуры. Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам дыпламатычнай місіі за гасціннасць. У дар ён пакінуў памятны медаль, зроблены спецыяльна з нагоды яго пілігрымкі, і мазаічную выяву свайго герба.
У аэрапорце Францішак меў кароткую прыватную размову з Прэзідэнтам Ірака Бархамам Салехам. Іракскі лідар суправадзіў Папу да трапа самалёта, ля якога адбылася афіцыйная цырымонія развітання.
Палёт у Рым будзе працягвацца каля 5 гадзін. За гэты час самалёт пераадолее паветраную прастору Ірака, Турцыі, Грэцыі, Албаніі і Італіі. Па традыцыі Святы Айцец скіраваў тэлеграмы да лідараў гэтых краін з пажаданнямі міру і благаслаўлення для іх народаў. Чакаецца, што ў рымскі аэрапорт Чампіна Пантыфік прыбудзе каля 13.00 па мясцовым часе.
33-я Апостальскае падарожжа Францішка праходзіла з 5 па 8 сакавіка 2021 г. За гэтыя дні Папа наведаў пяць гарадоў: Багдад, Наджаф, Ур, Эрбіль і Каракош. Святы Айцец сустрэўся з палітычным кіраўніцтвам краіны, рэлігійнымі лідарамі, прадстаўнікамі каталіцкай супольнасці, якіх заахвоціў заставацца актыўнай часткай іракскага грамадства, спрыяючы адраджэнню краіны пасля дзесяцігоддзяў канфліктаў, войнаў і насілля.