Св. Маргарыта з Чыта-дзі-Кастэла Св. Маргарыта з Чыта-дзі-Кастэла 

Святы Айцец здзейсніў чарговую “раўназначную кананізацыю”

Папа ўключыў у лік святых італьянскую благаслаўлёную, якая жыла ў ХІІІ-ХIV стст., а таксама зацвердзіў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва 12-ці законнікаў, забітых падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Аляксандр Панчанка – Ватыкан

24 красавіка 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынала Марчэла Сэмерара, падчас якой ухваліў высновы членаў гэтай ватыканскай структуры і прыняў рашэнне аб пашырэнні на ўвесь Паўсюдны Касцёл літургічнага культа бл. Маргарыты з Чыта-дзі-Кастэла (1287-1320), якая належала да Трэцяга дамініканскага ордэна, упісаўшы яе ў лік святых.

Гаворка ідзе пра так званую “раўназначную кананізацыю”, якая адбываецца па асабістым рашэнні Святога Айца, без кананізацыйнага працэсу, калі культ асобы распаўсюджаны з даўняга часу. На працягу пантыфікату Францішка святымі такім чынам былі абвешчаны ўжо сем благаслаўлёных.

Бл. Маргарыта з Чыта-дзі-Кастэла прыйшла на свет у горадзе Метола ў цэнтральнай Італіі. Яна нарадзілася сляпой і з шматлікімі прыроджанымі заганамі. Бацькі саромеліся дзяўчынкі і хавалі яе ад іншых людзей. Падчас пілігрымкі ў горад Чыта-дзі-Кастэла яны пакінулі дачку ў адным з касцёлаў, адкуль яе ўзялі на выхаванне незнаёмыя людзі.

Маргарыта ніколі не скардзілася на свой лёс і давярала Божаму Провіду. Яна вельмі хацела стаць законніцай і нават была прынята ў адну манаскую супольнасць, дзе вылучалася глыбокай верай і пабожнасцю. Гэта выклікала зайздрасць з боку іншых манахінь, таму з часам дзяўчынка была вымушана пакінуць кляштар.

Даведаўшыся пра існаванне Трэцяга дамініканскага ордэна, будучая святая ўступіла ў яго. Працавала нянькай і катэхеткай. Нягледзячы на слепату здзяйсняла ўчынкі міласэрнасці, наведвала вязняў, клапацілася пра хворых. Яна славілася здольнасцю праракання, ёй прыпісвалі цуды і надзвычайныя аздараўленні. Маргарыта штодзённа ўдзельнічала ў св. Імшы, шмат малілася і часта прыступала да споведзі. Яе фізічная слабасць не была перашкодай для актыўнага і плённага духоўнага жыцця і дапамогі бліжнім. Памерла святая 13 красавіка 1320 г. Маргарыта з Чыта-дзі-Кастэла лічыцца нябеснай заступніцай невідушчых, а таксама рухаў у абарону жыцця.

Падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэла Сэмерара Пантыфік ухваліў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва а. Вісэнтэ Нікасіа Рэнунсіа Тарыбіа і адзінаццаці яго паплечнікаў з кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля, забітых у 1936 г. падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Папа ўхваліў таксама дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў італьянскага кардынала П’етра Марчэліна Карадзіні (1658-1743); італьянскага законніка, а. Эмануэле Стаблума (1895-1950) з кангрэгацыі Сыноў Беззаганнага Зачацця; аргентынскага прадпрымальніка Энрыка Эрнэста Шоў (1921-1962); іспанскай свецкай верніцы Марыі Дэ Лос Дасампарадас Парціла Крэспы (1925-1996) і трынаццацігадовай італьянскай дзяўчынкі Анфразіны Бэрардзі (1920-1933).
 

26 красавіка 2021, 09:39