Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Францішак: святыя з неба абараняюць і суправаджаюць нас

Сувязь паміж малітвай і еднасцю святых была тэмай катэхезы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 7 красавіка 2021 г. у форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

У першую чаргу Пантыфік падкрэсліў, што “калі мы молімся, то не робім гэта ў адзіночку: нават не думаючы пра гэта мы занураны ў велічную раку малітоўных ускліканняў, якія апярэджваюць нас і застануцца пасля нас”.

Папа распавёў, што ў малітвах, якія сустракаюцца на старонках Бібліі і часта паўтараюцца ў літургіі, можна знайсці след старажытных гісторый, цудоўных вызваленняў, сумных выгнанняў, кранальных вяртанняў, праслаўленняў перад абліччам цудаў стварэння… Гэтыя галасы “перадаюцца з пакалення ў пакаленне”, у іх пастаянна пераплятаецца “асабісты досвед з досведам народу і чалавецтва”.

Напрыклад, у малітве праслаўлення, асабліва калі яна зыходзіць з сэрцаў малых і пакорных, ёсць нешта ад гімну Magnificat, які Марыя ўзнесла да Бога перад сваёй сваячкай Альжбетай; ці ўсклікання старца Сімяона, які, узяўшы на рукі Дзіцятка Езуса, сказаў: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі” (Лк 2,29)”.

Кожны раз, калі складаем рукі ў малітве і адкрываем сэрца на Бога, мы апынаемся сярод святых, невядомых і прызнаных, якія моляцца разам з намі, заступаюцца за нас як старэйшыя браты і сёстры, што прайшлі праз наш чалавечы досвед, - падкрэсліў Францішак.

Папа зазначыў, што ў Касцёле не бывае жалобы, якая застаецца самотнай, ці слёз, якія праліваюцца ў забыцці, бо ўсё дыхае і ўдзельнічае ў адзінай ласцы. “Невыпадкова ў старажытных касцёлах могілкі знаходзіліся ў садзе вакол храма, нібыта кажучы, што ў кожнай Эўхарыстыі пэўным чынам прымаюць удзел тыя, хто нам папярэднічаў. Гэта нашы бацькі, бабулі і дзядулі, хросныя, катэхеты і выхавацелі…”, - патлумачыў ён.

Пантыфік запэўніў у тым, што святыя заўсёды блізка нас, а іх выявы ў касцёлах нагадваюць пра гэту “хмару сведкаў”, якая заўсёды нас акружае. Гэтыя сведкі, якіх мы шануем, адсылаюць нас да Езуса Хрыста, адзінага Пана і Пасярэдніка паміж Богам і чалавекам. Святыя нагадваюць таксама пра тое, што ў нашым жыцці, “нават калі яно кволае і пазначанае грахом, можа прабіцца святасць”, прыкладам чаго з’яўляецца евангельскі Добры злачынца, укрыжаваны побач з Хрыстом і “кананізаваны” Ім жа. “Ніколі не позна навярнуцца да Пана, добрага і вялікага ў любові”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў, што святыя сузіраюць Бога, праслаўляюць Яго, а таксама няспынна клапоцяцца пра тых, каго пакінулі на зямлі. Іх заступніцтва – гэта найвышэйшае служэнне Божай задуме, а мы можам і павінны прасіць іх аб заступніцтве для сябе і ўсяго свету.

“У Хрысце існуе таямнічая салідарнасць паміж тымі, хто перайшоў у іншае жыццё і намі, пілігрымамі ў гэтым жыцці: нашы дарагія памерлыя з неба працягваюць клапаціцца пра нас. Яны моляцца за нас, а мы молімся за іх і разам з імі”, - сцвердзіў Папа.

Гэту малітоўную сувязь можна спазнаць ужо тут, у зямным жыцці, молячыся адзін за аднаго. Першы спосаб малітвы за кагосьці – гэта распавесці пра яго Богу. “Калі робім гэта рэгулярна, штодзённа, наша сэрца не закрываецца, застаецца адкрытым на братоў. Малітва за іншых – гэта першая форма любові да іх, а таксама яна падштурхоўвае нас да канкрэтнай блізкасці”, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што малітва з’яўляецца лепшым спосабам вырашэння канфліктных сітуацый, бо яна змяняе сэрцы і паводзіны.

Пантыфік заўважыў, што ў трывожныя перыяды важна прасіць аб малітве братоў, а ў першую чаргу святых. “Імя, якое мы атрымалі падчас хросту – гэта не этыкетка ці ўпрыгожванне! Звычайна, гэта імя Найсвяцейшай Панны, святога ці святой, якія не чакаюць нічога іншага акрамя таго, як дапамагчы нам у жыцці, дапамагчы атрымаць ласкі ад Бога, якіх мы патрабуем. Калі ў нашым жыцці выпрабаванні яшчэ не выйшлі за край, калі мы яшчэ здольныя быць пастаяннымі, калі, нягледзячы ні на што, мы працягваем крочыць наперад з даверам, магчыма ўсё гэта не дзякуючы нашым заслугам, а заступніцтву шматлікіх святых, некаторыя з якіх у небе, а іншыя – як і мы, пілігрымы на зямлі, што абараняюць і суправаджаюць нас…”, - сказаў Францішак.
 

07 красавіка 2021, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >