Інтэнцыя Папы: маліцца за тых, хто бароніць правы чалавека
“Каб бараніць асноўныя правы чалавека неабходна адвага і рашучасць. Я маю на ўвазе актыўную барацьбу з беднасцю, няроўнасцю, адсутнасцю працы, зямлі і жылля, сацыяльных і працоўных правоў”, - падкрэсліў Пантыфік у відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай малітвы. Ён быў абнародаваны 6 красавіка 2021 г.
Францішак заўважыў, што часта асноўныя правы чалавека не з’яўляюцца аднолькавымі для ўсіх: ёсць людзі першага, другога і трэцяга гатунку, людзі, якіх лічаць адкідамі. Папа падкрэсліў, што правы павінны быць роўнымі для ўсіх.
Святы Айцец сцвердзіў, што кожны чалавек мае права на цэласнае развіццё, і гэтага фундаментальнага права людзі не могуць пазбаўляцца ў ніводнай краіне.
“Будзем маліцца за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс, каб бачылі, што іх ахвяра і праца прыносіць шмат плёнаў”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Папа.