Папа падчас св. Імшы ў Нядзелю Добрага Пастыра Папа падчас св. Імшы ў Нядзелю Добрага Пастыра 

Пантыфік: у святарстве не можа быць кар’еры, толькі служэнне

Быць блізкімі да святога вернага Божага народу, а ў першую чаргу, блізкімі з Богам у малітве, - заклікаў Папа неапрэзбітэраў, якім 25 красавіка 2021 г. удзяліў сакрамэнт пасвячэння.

Урачыстая літургія прайшла ў базыліцы св. Пятра з нагоды Нядзелі Добрага Пастыра і 58-га Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях. Падчас яе Пантыфік удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дзевяці дыяканам, якія праходзілі святарскую фармацыю ў духоўных семінарыях і калегіумах Рымскай дыяцэзіі.

Святы Айцец выкарыстаў гамілію, прадугледжаную для абрада прэзбітэрскага пасвячэння, шырока дапоўніўшы яе сваімі парадамі і заўвагамі адносна прынцыпаў святарскага служэння.

У першую чаргу Папа заклікаў новых святароў быць пастырамі, якія заўсёды крочаць побач са сваім статкам: “часам наперадзе, часам пасярод, а часам і ззаду, але заўсёды побач”. Ён нагадаў, што святарства – гэта “не кар’ера, а служэнне, такое самае служэнне, якое Бог споўніў для свайго народа”. Рысамі гэтага служэння з’яўляецца блізкасць, спагада і лагоднасць.

Гаворачы пра блізкасць, Францішак заўважыў, што яна павінна быць з Богам, біскупам, братамі і народам. Важна “размаўляць з Панам, знаходзіцца побач з Ім”, як і Ён заўсёды знаходзіцца побач з чалавекам у самыя розныя моманты яго жыцця. “Святар, які не моліцца, паступова гасіць агонь Духа ўнутры”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў пастыраў быць “супрацоўнікамі” сваіх біскупаў, нават “калі біскуп не падабаецца” або “мае кепскае стаўленне”. Важная таксама блізкасць з іншымі святарамі. У гэтым кантэксце ён прапанаваў неапрэзбітэрам зрабіць пастанову: ніколі не абгаворваць сабрата-святара. “Калі маеце штосьці супраць яго, то будзьце мужчынамі”, паразмаўляйце з ім сам на сам, - параіў Францішак.

Папа прызнаўся, што пасля блізкасці з Богам, лічыць самай важнай для пастыра, блізкасць з вернымі Божым народам. Ён нагадаў неапрэзбітэрам, што яны былі ўзяты з народа і не павінны забываць пра гэта сваё паходжанне, быць “святарамі народу, а не статусным духавенствам”.

Заклікаючы да спагады і лагоднасці Святы Айцец параіў не шкадаваць часу на тое, каб выслухоўваць людзей, якія маюць патрэбу ў суцяшэнні і падтрымцы, быць міласэрнымі пастырамі, якія прабачаюць, не паддавацца славалюбству, ганарлівасці і любові да грошай, пазбягаць кар’ерызму, сцерагчыся, каб не стаць “функцыянерамі” і “прадпрымальнікамі”, замест таго, каб быць слугамі.

“Калі будзеце блізкімі з Богам, з біскупам, паміж сабой і з Божым народам, калі будзе мець стыль Бога, які заключаецца ў блізкасці, спагадзе і лагоднасці, тады не бойцеся: усё будзе добра”, - завяршыў гамілію Францішак.
 

25 красавіка 2021, 12:05