Пантыфік: адказаць на папулізм палітыкай братэрства
Міжнародны форум, які прайшоў 15 красавіка 2021 г., быў прысвечаны народным рухам, і арганізацыям, якія іх падтрымліваюць. Яго ініцыятарам выступіў лонданскі Цэнтр тэалогіі і грамадства ў супрацоўніцтве з каталіцкімі ўстановамі ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі. Натхненнем для дыскусій паслужыла кніга Вернемся да мар (Ritorniamo a sognare), у аснову якой было пакладзена інтэрв’ю Францішка брытанскаму журналісту Остыну Айвэры.
У відэапасланні Папа пажадаў, каб палітыкі не ігнаравалі праблемы бедных, не пагарджалі іх культурай і каштоўнасцямі, у тым ліку рэлігійнымі. Ён падкрэсліў, што адказам на распаўсюджванне папулізму павінен быць не індывідуалізм, а палітыка братэрства. Яна можа стаць сапраўдным “служэннем, якое адкрывае новыя шляхі для самаарганізацыі і самавыражэння народу”.
Святы Айцец зазначыў, што ў адрозненні ад папулізму, дэвіз якога: “Усё для народу, але без удзелу народу”, палітыка павінна здзяйсняцца разам з ім. Папулізму ўласцівы “палітычны патэрналізм”, а народ у яго ўспрыманні не можа быць гаспадаром уласнага лёсу, таму ўрэшце становіцца “даўжніком ідэалогіі”.
Папа заўважыў, што калі народ адчужаецца, тады яго пазбаўляюць не толькі матэрыяльнага дабрабыту, але і годнасці, бо ён не можа дзейнічаць, быць галоўнай дзеючай асобай сваёй гісторыі, уласнага лёсу, не мае магчымасці выражаць сябе ў сваіх каштоўнасцях і культуры, у сваёй крэатыўнасці і плённасці.