Пошук

Папа падчас сустрэчы з італьянскімі законніцамі Папа падчас сустрэчы з італьянскімі законніцамі 

Папа да манахінь: будзьце малітоўнай і суцяшальнай прысутнасцю

Пасля трагедый трэба пачынаць ад Бога і братэрскай салідарнасці, - падкрэсліў Папа, вітаючы італьянскіх манахінь з Ордэна св. Клары, якія 26 красавіка 2021 г. прыбылі ў Ватыкан з мястэчка Паганіка, у рэгіёне Абруца.

Аляксандр Панчанка – Ватыкан

У выніку моцнага землятрусу ў 2009 г. кляштар кларыс у ваколіцах Аквілы быў разбураны, а пад руінамі загінула іх настаяцельніца, с. Джэма Антанучы. Мінула больш за дзесяць гадоў і вось 9 сакавіка 2021 г. адбудаваны асяродак малітоўнага жыцця быў адкрыты зноў. Адно з важных месцаў у ім заняла Біблія, знойдзеная пад развалінамі праз дзевяць месяцаў пасля землятрусу. Цяпер яна захоўваецца ў шкляным рэлікварыі, нагадваючы пра трагічны перыяд у гісторыі манаскай супольнасці.

Падчас сустрэчы Францішак уручыў законніцам тэкст прамовы, якая была падрыхтавана загаддзя, і падзякаваў за малітву і пасхальную свечку, падараваную для капліцы Дома св. Марты. “Дзякуючы гэтаму сімвалу Хрыста, святла для свету, вы будзеце духоўна прысутнасць на цэлебрацыях, якія адбываюцца ў капліцы”, - запэўніў Папа.

“Бог дапамог вам выйсці з гэтай драмы ўмацаванымі, і як зерне пшаніцы павінна памерці, каб прынесці плод, так здарылася і з вашай манаскай супольнасцю. Вы спазналі моцны боль, але таксама поўны любові клопат Нябеснага Айца і салідарнасць многіх людзей”, - дадаў ён.

У тэксце прамовы Святы Айцец падкрэсліў, што ў ноч землятрусу законніцы згубілі ўсё, акрамя Бога і братэрства. Ён пажадаў, каб менавіта Бог і братэрства былі зыходным пунктам у аднаўленні жыцця супольнасці. Папа заўважыў, што сёння яна складаецца з дванаццаці маладых манахінь. “Гэта пасланне, якое вы далі людзям: пасля трагедый трэба пачынаць ад Бога і братэрскай салідарнасці. Дзякую вам за гэта!”, - напісаў Пантыфік.

“Дарагія сёстры, не стамляйцеся быць малітоўнай і суцяшальнай прысутнасцю, каб падтрымліваць насельніцтва, якое прайшло праз выпрабаванне жудасным досведам і яшчэ патрабуе суцяшэння і падтрымкі”, - заклікаў кларыс Святы Айцец.
 

26 красавіка 2021, 14:51