Папа да манахінь: будзьце малітоўнай і суцяшальнай прысутнасцю
Аляксандр Панчанка – Ватыкан
У выніку моцнага землятрусу ў 2009 г. кляштар кларыс у ваколіцах Аквілы быў разбураны, а пад руінамі загінула іх настаяцельніца, с. Джэма Антанучы. Мінула больш за дзесяць гадоў і вось 9 сакавіка 2021 г. адбудаваны асяродак малітоўнага жыцця быў адкрыты зноў. Адно з важных месцаў у ім заняла Біблія, знойдзеная пад развалінамі праз дзевяць месяцаў пасля землятрусу. Цяпер яна захоўваецца ў шкляным рэлікварыі, нагадваючы пра трагічны перыяд у гісторыі манаскай супольнасці.
Падчас сустрэчы Францішак уручыў законніцам тэкст прамовы, якая была падрыхтавана загаддзя, і падзякаваў за малітву і пасхальную свечку, падараваную для капліцы Дома св. Марты. “Дзякуючы гэтаму сімвалу Хрыста, святла для свету, вы будзеце духоўна прысутнасць на цэлебрацыях, якія адбываюцца ў капліцы”, - запэўніў Папа.
У тэксце прамовы Святы Айцец падкрэсліў, што ў ноч землятрусу законніцы згубілі ўсё, акрамя Бога і братэрства. Ён пажадаў, каб менавіта Бог і братэрства былі зыходным пунктам у аднаўленні жыцця супольнасці. Папа заўважыў, што сёння яна складаецца з дванаццаці маладых манахінь. “Гэта пасланне, якое вы далі людзям: пасля трагедый трэба пачынаць ад Бога і братэрскай салідарнасці. Дзякую вам за гэта!”, - напісаў Пантыфік.
“Дарагія сёстры, не стамляйцеся быць малітоўнай і суцяшальнай прысутнасцю, каб падтрымліваць насельніцтва, якое прайшло праз выпрабаванне жудасным досведам і яшчэ патрабуе суцяшэння і падтрымкі”, - заклікаў кларыс Святы Айцец.