Папа: хрысціянская медытацыя вядзе да сустрэчы з Езусам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Медыціраваць для хрысціяніна – значыць станавіцца перад вялікай старонкай Аб’яўлення”, спрабуючы цалкам засвоіць яе, каб Божае слова магло сустрэцца з “кнігай жыцця”, - сказаў ва ўступе да катэхезы Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што да медытацыі скіравана вялікая ўвага на працягу апошніх гадоў. Пра яе гавораць не толькі хрысціяне: медытатыўныя практыкі існуюць амаль ва ўсіх рэлігіях свету і імі карыстаюцца людзі, якія не маюць рэлігійнага погляду на жыццё. “Усе мы маем патрэбу ў медытацыі, разважанні, адшуканні саміх сябе”, - дадаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што людзі шукаюць у медытацыі “заслоны ад штодзённага стрэсу і пустаты, што пашыраецца паўсюль”. “Гэта феномен, на які трэба паглядзець з прыхільнасцю: сапраўды, мы існуем не для таго, каб няспынна бегчы, мы маем духоўнае жыццё, якое не можа быць занядбана. Метыдацыя – гэта патрэба ўсіх”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што ў хрысціянскім кантэксце медытацыя мае асаблівую рысу – яна скіравана на сустрэчу з Богам. “Хрысціянін, калі моліцца, не шукае поўнай духоўнай празрыстасці, не шукае самай глыбокай часткі свайго “я”. Гэта дазваляецца, але хрысціянін шукае іншага. Малітва хрысціяніна – гэта ў першую чаргу сустрэча з Іншым з вялікая літары: трансцэндэнтная сустрэча з Богам. Калі малітоўны досвед дае нам духоўны спакой ці самавалоданне, або пралівае святло на шлях, якім павінны прайсці, то гэтыя вынікі з’яўляюцца, можна сказаць, спадарожнымі плёнамі ласкі хрысціянскай малітвы, якая ёсць сустрэчай з Езусам”, - патлумачыў Францішак.
“Такім чынам ёсць шматлікія метады хрысціянскай медытацыі: некаторыя вельмі простыя, іншыя – больш складаныя; некаторыя падкрэсліваюць інтэлектуальнае вымярэнне асобы, іншыя, галоўным чынам, пачуццёвае і эмацыйнае. Усё гэта метады. Яны важныя і годныя практыкавання, калі дапамагаюць досведу веры стаць чынам, які ахоплівае ўсю асобу: не моліцца толькі розум чалавека ці толькі яго пачуцці, а ўвесь чалавек”, - сказаў Папа.
Францішак заклікаў памятаць, што метад – гэта толькі шлях, а не мэта: кожны метад малітвы, каб быць хрысціянскім, павінен стаць часткай sequela Christi – наследавання Хрыста, у якім заключана сутнасць нашай веры. “Метады медытацыі – гэта шляхі, якімі трэба крочыць, каб прыйсці да сустрэчы з Езусам, але калі спынішся на шляху і будзеш толькі глядзець на яго, ніколі не знойдзеш Езуса. Зробіш “бажка” з шляху”, - папярэдзіў Пантыфік. Ён нагадаў словы Катэхізіса, пра тое, што медытацыя падштурхоўвае задзейнічаць думкі, уяўленне, эмоцыі і жаданне.
Пантыфік дадаў, што ласка хрысціянскай малітвы дазваляе вернікам атаясаміць сябе з кожным момантам зямнога жыцця Езуса. “Дзякуючы Святому Духу, Які з’яўляецца правадніком, таксама і мы прысутнічаем на беразе ракі Ярдан, калі Езус пагружаецца ў яе, каб атрымаць хрост. Таксама і мы прысутнічаем за святочным сталом на вяселлі ў Кане, калі Езус дорыць найлепшае віно дзеля шчасця маладажонаў. Таксама і мы з захапленнем назіраем за тысячамі аздараўленняў, здзейсненых Настаўнікам. У малітве ўсе мы з’яўляемся ачышчаным пракажоным, сляпым Бартымеем, да якога вярнуўся зрок, Лазарам, які выходзіць з магілы… Не існуе такой старонкі Евангелля, на якой не знайшлося б месца для нас. Медытацыя, для нас хрысціян, гэта спосаб, каб сустрэцца з Езусам, і такім чынам – толькі такім – зноў знайсці саміх сябе”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.