Папа падчас св. Імшы ў Велікодную вігілію Папа падчас св. Імшы ў Велікодную вігілію 

Пантыфік у Пасхальную вігілію: Езус жыве і кіруе гісторыяй

Не губляць надзею, крочыць новымі шляхамі і адкрыць ласку штодзённасці, - заклікаў Францішак падчас св. Імшы ў Пасхальную вігілію, якая прайшла 3 красавіка 2021 г. у базыліцы св. Пятра.

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак пра жанчын, якія ішлі аплакваць і намасціць цела Езуса, але знайшлі пустую магілу і пачулі абвяшчэнне жыцця. Яны напоўніліся страхам і здзіўленнем, убачыўшы юнака, што сказаў: “Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос…Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце” (Мк 16,6-7). Папа задаўся пытаннем: што для сучаснага верніка значыць заклік “пайсці ў Галілею”?

Для вучняў Езуса гэта значыла пачаць спачатку: вярнуцца ў месца іх першай сустрэчы з Хрыстом, месца першай любові, дзе яны ўпершыню пайшлі за Настаўнікам. Нягледзячы на блізкасць з Езусам, апосталы не заўсёды разумелі Яго, а потым нават пакінулі паміраць аднаго на крыжы. І ўсё ж Уваскрослы кліча іх пачаць усё з чыстага ліста.

“Вось першая Пасхальная навіна, якую хачу вам перадаць: заўсёды магчыма пачаць спачатку, бо існуе новае жыццё, якое Бог здольны распачаць у нас, нягледзячы на нашы падзенні. Нават з абломкаў нашых сэрцаў, пра якія ведае кожны з нас, Бог можа стварыць шэдэўр, нават з разбураных аскепкаў нашай чалавечнасці Бог рыхтуе новую гісторыю. Ён апярэджвае заўсёды: на крыжы пакут, адчаю і смерці, але таксама ў хвале жыцця, якое ўваскрасае, гісторыі, якая змяняецца, надзеі, якае ажывае. І ў гэтыя цёмныя месяцы пандэміі мы чуем, як Уваскрослы Пан запрашае нас пачаць усё спачатку, ніколі не губляць надзею”, - сказаў Папа.

Пайсці ў Галілею значыць таксама прайсці новымі шляхамі, крочыць у кірунку, адваротнаму магіле. Жанчыны, якія шукалі Езуса ў магіле – гэта вобраз “веры-успаміну” пра цудоўную падзею, але якая прамінула, засталася толькі ў памяці і звычках, перакананы Пантыфік.

“Вось другая Пасхальная навіна: вера – не сховішча ўспамінаў, Езус – гэта не персанаж з мінулага. Ён – жывы, тут і зараз. Ён крочыць з табой кожны дзень: у выпрабаванні, якое перажываеш, у марах, якія вядуць цябе наперад. Ён адкрывае новыя шляхі, дзе табе здаецца, што іх няма, падштурхоўвае цябе ісці супраць плыні, без аплаквання і прэтэнзіі на тое, што “я ўжо ўсё ведаю”. Нават калі ўсё табе здаецца згубленым, адкрыйся са здзіўленнем на Яго навізну: яна здзівіць цябе”, - заклікаў Папа.

Пайсці ў Галілею значыць таксама выйсці да межаў, знайсці Уваскрослага ў абліччы братоў, у энтузіязме тых, хто марыць і адчаі тых, хто ў роспачы, ва ўсмешках тых, хто радуецца і слязах тых, хто церпіць, а асабліва ў бедных, якія адкінуты на ўзбочыну. “Мы будзем здзіўленыя таму, як Божая веліч адкрываецца ў малым, як Яго прыгажосць ззяе ў простых і бедных”, - дадаў Пантыфік.

“Вось трэцяя Пасхальная навіна: Езус, Уваскрослы, любіць нас бязмежна і наведвае кожную нашу жыццёвую сітуацыю. Ён пасяліўся ў сэрцы свету і заклікае таксама і нас пераўзысці бар’еры, перамагчы забабоны, наблізіцца да таго, хто прабывае побач кожны дзень, каб адкрыць нанова ласку штодзённасці. Распазнаем Яго прысутнасць у нашых Галілеях, у штодзённым жыцці. З Ім жыццё змяняецца, бо нягледзячы на ўсе паразы, зло і насілле, нягледзячы на ўсе пакуты і смерць, Уваскрослы жыве і кіруе гісторыяй”, - сказаў Францішак.

“Брат, сястра, калі гэтай ноччу ў тваім сэрцы цемра, дзень, які не наступіў, пахаванае святло, разбітыя мары, ідзі, адкрый сваё сэрца і здзівіся пасхальнаму абвяшчэнню: “Не бойся, Ён уваскрос! Ён чакае цябе ў Галілеі”. Твае чаканні не застануцца не споўненымі, твае слёзы будуць высушаны, а страхі пераадолены надзеяй. Таму што Бог апярэджвае цябе, Ён ідзе перад табой. З ім тваё жыццё пачынаецца нанова”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

03 красавіка 2021, 21:54