Агульная аўдыенцыя: малітва сузірання вядзе па шляху любові

Пра значэнне кантэмпляцыйнай малітвы ў жыцці хрысціяніна распавёў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 мая 2021 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што “кантэмляцыйнае вымярэнне чалавечай асобы”, якое яшчэ не з’яўляецца кантэмпляцыйнай малітвай, крыху падобнае на “соль” жыцця, бо надае водар і смак нашай штодзённасці. Ён нагадаў, што можна сузіраць, гледзячы як раніцай узыходзіць сонца або як вясной дрэвы апранаюцца ў зеляніну; можна сузіраць, слухаючы музыку ці спевы птушак, чытаючы кнігу, можна сузіраць перад творам мастацтва ці нават перад такім шэдэўрам як твар чалавека.

У той жа час Папа папярэдзіў, што “людзі, якія жывуць у вялікіх гарадах, дзе ўсё штучнае і функцыянальнае, рызыкуюць згубіць здольнасць сузірання”, бо сузіранне – гэта лад быцця, у якім, аднак, не ўсё залежыць ад вачэй, але ад сэрца.

“Тут у гульню ўваходзіць малітва, як чын веры і любові, як “дыханне” нашых адносін з Богам. Малітва ачышчае сэрца, а разам з тым, праясняе позірк, дазваляючы ўбачыць рэчаіснасць з іншага пункту гледжання”, - сцвердіў ён.

Пантыфік нагадаў, што Катэхізіс аспісвае гэта ператварэнне сэрца малітвай праз словы св. Жана-Мары Віянэя, які лічыў, што “сузіранне – гэта позірк веры, скіраваны на Езуса”: “Я гляджу на Яго, а Ён глядзіць на мяне”, - казаў пробашчу з Арс адзін селянін, апісваючы сваю малітву перад табернакулюмам... “Усё паходзіць адсюль: з сэрца, якое адчувае, што на яго глядзяць з любоўю. Тады рэчаіснасць сузіраецца іншымі вачыма”, - запэўніў Папа.

“У напоўненым любоўю сузіранні, якое ўласціва самай глыбокай малітве, не трэба шмат слоў: дастаткова позірку, дастаткова быць перакананымі ў тым, што наша жыццё акружана вялікай і вернай любоўю, ад якой нічога ніколі не зможа адлучыць нас”, - дадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што настаўнікам такога позірку з’яўляецца Езус. У Яго жыцці заўсёды былі моманты цішыні і малітвы, якія былі неабходны для таго, каб “не спустошыцца перад непазбежнымі выпрабаваннямі, але захоўваць прыгажосць некранутай”. “Яго таямніцай былі адносіны з Нябесным Айцом”, - патлумачыў Пантыфік.

У якасці прыкладу Святы Айцец нагадаў пра Перамяненне на гары Табор, якое адбылося ў “крытычны момант місіі Езуса”, калі вакол Яго ўзрастала непрыняцце. Нават сярод Яго вучняў былі тыя, хто не разумеў Яго і адыходзіў, а адзін з Дванаццаці выношваў думку пра здраду. “У гэтым кантэксце Езус, разам з Пятром, Якубам і Янам, узышоў на высокую гару. Евангелле св. Марка кажа: “Перамяніўся перад імі і адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць”. Менавіта тады, калі Езус сустрэўся з неразуменнем, калі ўсё здавалася паглынутым у віры непаразуменняў, заззяла боскае святло. Гэта святло любові Айца, якое напаўняе сэрца Сына і перамяняе ўсю Яго Асобу”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў, што ў мінулым некаторыя духоўныя настаўнікі разумелі кантэмпляцыю як супрацьлегласць дзеянню, узвышалі тыя формы паклікання, якія прадугледжвалі “ўцяканне ад свету і яго праблем дзеля поўнага прысвячэння сябе малітве”. “На самой жа справе ў Езусе Хрысце і Евангеллі няма супрацьпастаўлення паміж сузіраннем і дзеяннем. Магчыма яно прыйшло пад уплывам якога-небудзь філосафа-неаплатоніка, але гаворка дакладна ідзе пра дуалізм, які не належыць да хрысціянскага паслання”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“У Евангеллі ёсць адзін вялікі заклік – ісці за Езусам па шляху любові. Гэта вяршыня і цэнтр усяго. У такім сэнсе міласэрная любоў і сузіранне – гэта сінонімы і яны кажуць пра адно і тое ж”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў словы св. Яна ад Крыжа, які сцвярджаў, што “малы ўчынак чыстай любові больш карысны Касцёлу, чым усе іншыя справы, узятыя разам”. “Тое, што нараджаецца з малітвы, а не з нашай высакамернасці, тое, што ачышчана пакорай, нават калі гаворка ідзе пра адасоблены і маўклівы ўчынак любові – гэта найвялікшы цуд, які хрысціян можа ўчыніць. Вось шлях малітвы сузірання: я гляджу на Яго, Ён глядзіць на мяне. Гэта чын любові ў маўклівым дыялогу з Езусам, які прыносіць шмат дабра Касцёлу”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

05 мая 2021, 10:40

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >