Агульная аўдыенцыя: малітва – гэта барацьба
Аляксандр Панчанка – Vatican News
12 мая 2021 г. Францішак правёў агульную аўдыенцыю ва ўнутраным дворыку ватыканскага Апостальскага палацу. Пасля амаль шасцімесячнага перапынку, выкліканага пандэміяй, яна ўпершыню адбылася з непасрэдным удзелам вернікаў. Пантыфік асабіста прывітаў многіх з іх і прызнаўся, што вельмі рады нарэшце сустрэцца з людзьмі тварам у тварам. “Мне вельмі прыемна бачыць кожнага з вас”, - сказаў Папа, запэўніваючы ў малітве і просячы маліцца за яго.
Святы Айцец прысвяціў катэхезу тэме барацьбы ў малітве. “Хрысціянская малітва, як і ўсё хрысціянскае жыццё, гэта не “прагулка”. Ніхто з вялікіх людзей малітвы, якіх сустракаем у Бібліі і гісторыі Касцёла, не меў “камфортнай” малітвы… Яна безумоўна адарае вялікім спакоем, але праз духоўную барацьбу, часам цяжкую, якая можа спадарожнічаць нават на працягу доўгага перыяду жыцця”, - сказаў ён. Пантыфік падкрэсліў, што “маліцца – нялёгка”.
, - заўважыў ён.
“Усе Божыя людзі кажуць не толькі пра радасць малітвы, але таксама пра нязручнасці і цяжкасці, якія яна можа выклікаць: калі-нікалі захоўваць вернасць часу і спосабам малітвы – гэта цяжкая барацьба. Некаторыя святыя вялі гэту барацьбу на працягу многіх гадоў, не адчуваючы ніякага смаку малітвы, не асэнсоўваючы яе карысці. Маўчанне, малітва, засяроджанасць – гэта складаныя практыкаванні і часам чалавечая прырода бунтуе. Мы аддаем перавагу таму, каб знаходзіцца ў якой-кольвечы іншай частцы свету, але не тут, не на малітве ў гэтай касцёльнай лаўцы. Той, хто жадае маліцца, павінен памятаць, што вера – нялёгкая, і часам перажываецца амаль у поўнай цемры, без арыенціраў”, - нагадаў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла знаходзіцца доўгі спіс “ворагаў малітвы”. Хтосьці сумняваецца ў тым, што яна можа па-сапраўднаму дасягнуць Усемагутнага, маўляў: чаму Бог маўчыць? Іншыя, лічаць малітву выключна псіхалагічным практыкаваннем, магчыма і карысным, але не неабходным.
Аднак, паводле Папы, “найгоршыя ворагі малітвы знаходзяцца ўнутры нас”. Згодна з Катэхізісам, гэта “роспач перад абліччам нашай чэрствасці; смутак ад таго, што мы не ўсё аддаем Пану, бо маем “вялікую маёмасць”; расчараванне, бо наша просьба не выканана так, як мы самі гэтага хацелі; раны, нанесеныя нашай ганарлівасці, якая ўпарціцца ў нягоднасці нашай грахоўнасці; памылковае меркаванне адносна бескарыслівасці дара малітвы”. “Гаворка безумоўна ідзе пра скарочаны спіс, які можа быць працягнуты”, - заўважыў Пантыфік.
“Што ж рабіць у час спакусы, калі ўсё здаецца хісткім? Калі праглядзім на гісторыю духоўнасці, то адразу заўважым, што духоўныя настаўнікі добра ўсведамлялі сітуацыю, якую мы апісалі. Кожны з іх штосьці прапаноўваў: слова надзеі ці параду для пераадолення цярністага перыяду. Гаворка не ідзе пра тэорыі, распрацаваныя за пісьмовым сталом, але пра парады, якія нарадзіліся з досведу, якія паказваюць важнасць барацьбы і вытрываласці ў малітве”, - сказаў Папа.
У якасці прыкладу Францішак узгадаў пра Духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы, якія “з’яўляюцца кнігай вялікай мудрасці, што вучыць упарадкаванню ўласнага жыцця”. “Яна дапамагае зразумець, што хрысціянскае пакліканне – ваяўнічае, што гэта рашэнне стаць пад штандар Езуса Хрыста, а не д’ябла, імкнучыся рабіць дабро, нават калі гэта становіцца складана”, - патлумачыў Святы Айцец.
Ён нагадаў выпадак з жыцця св. Антонія Вялікага, які пасля глыбокага духоўнага крызісу, але перажыў з малітвай, папракаў Бога: “Дзе ты быў? Чаму не прыйшоў адразу, каб пакласці канец маім пакутам?”. А Езус адказаў: “Я быў тут, Антоній. Але чакаў, каб ты пачаў змагацца”, - распавёў Францішак.
Пантыфік падзяліўся таксама гісторыяй з уласнага досведу. Ён сказаў, што падчас служэння ў Аргентыне стаў сведкам сітуацыі, у якой мужчына, даведаўшыся пра тое, што яго хворая дачка не перажыве наступную ноч, пасля працы адразу сеў на цягнік і адправіўся ў санктуарый Маці Божай Луханскай, адлегласць да якога складала каля 70 кіламетраў. Касцёл быў зачынены, таму ён маліўся перад яго дзвярыма ўсю ноч, трымаючыся за агароджу і “змагаючыся за здароўе сваёй дачкі”. Раніцай, калі святыня адчынілася, ён увайшоў, прывітаў Багародзіцу і вярнуўся дамоў, дзе даведаўся пра цудоўнае аздараўленне дзяўчынкі.
Пантыфік заўважыў, што ў пэўныя “моманты слепаты” мы можам не адчуваць прысутнасці Бога, але здолеем зрабіць гэта ў будучыні. “Здараецца таксама і нам паўтараць словы, які аднойчы сказаў патрыярх Якуб: “Сапраўды, Пан быў у гэтым месцы, а я не ведаў” (Быц 28,16). Напрыканцы нашага жыцця, скіроўваючы позірк назад, таксама і мы зможам сказаць: “Я думаў, што быў адзін, але не, не быў: са мной быў Езус”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.