Францішак наведае сядзібу Scholas Occurentes
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Плануецца сустрэча Францішка з маладымі людзьмі з розных рэгіёнаў Італіі, якія ўдзельнічалі ў першым этапе праграмы, прысвечанай псіхічнаму здароўю падчас пандэміі. Яны падзеляцца сваім досведам у прысутнасці, між іншым, Патрыцыа Б'янкі, Міністра адукацыі Італіі, які падтрымаў праграму, і прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя.
Святы Айцец таксама пагутарыць з ібера-амерыканскай моладдзю, якая распавядзе пра мадрыдскую сустрэчу аб сумесных марах на шляху да лепшай будучыні.
Акрамя таго, Папа спалучыцца праз інтэрнэт з навучэнцамі новых школ Фонду ў Сіднэі, Валенсіі і Вашынгтоне, а таксама з маладымі аргентынцамі з рэгіёна Эль Імпэнэтрабле на раўніне Гран-Чака, удзельнікамі новай праграмы прафілактыкі залежнасці.
Візіт Папы будзе прымеркаваны да адкрыцця Міжнароднай школы экалагічных лідараў, натхнёнай энцыклікамі Laudato si' і Fratelli tutti, і Школы палітычнай фармацыі.
Сустрэча завершыцца адкрытым дыялогам паміж Францішкам і прадстаўнікамі Фонду з пяці кантынентаў.
Scholas Occurrentes – гэта сусветная сетка навучальных устаноў пад патранажам Каталіцкага Касцёла, створаная для ўмацавання сувязей паміж усімі школамі свету. Місія Фонду – інтэграваць вучняў праз тэхналагічныя, спартыўныя і мастацкія ініцыятывы, якія падтрымліваюць выхаванне культуры сустрэчы, абменьвацца праектамі са школамі з меншай колькасцю рэсурсаў.
Першыя навучальныя ўстановы такога роду былі створаны пасля падпісання пагаднення вядомымі футбалістамі: аргентынцам Ліянэлем Месі і італьянцам Джанлуіджы Буфонам у штаб-кватэры Папскай акадэміі навук 13 жніўня 2013 г.
Папярэднікамі Scholas Occurentes былі праграмы Школы суседства і Сястрынскія школы, якія нарадзіліся з натхнення тагачаснага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса, кардынала Хорхэ Берголіа.
19 сакавіка 2014 г. Святы Пасад афіцыйна прызнаў Scholas Occurrentes прыватным фондам, які са жніўня 2015 г. знаходзіцца ў падпарадкаванні Кангрэгацыі па справах духавенства. Сетка ўключае больш за 400 тыс. навучальных устаноў у 190 краінах.