Францішак падчас сустрэчы з Міністрам замежных спраў Германіі Хайка Маасам Францішак падчас сустрэчы з Міністрам замежных спраў Германіі Хайка Маасам 

Францішак прыняў на аўдыенцыі Міністра замежных спраў Германіі

Папа сустрэўся 12 мая 2021 г. з Міністрам замежных спраў Германіі Хайка Маасам. Гэта была "вельмі асабістая" размова на "экзістэнцыяльныя тэмы", - заявіў журналістам пасля сустрэчы нямецкі палітык.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Асноўнымі тэмамі размовы з Францішкам былі наступствы крызісу, выкліканага пандэміяй каронавіруса, і справядлівае распаўсюджванне вакцын.

"Мы хочам працаваць разам, каб пандэмія не пагаршала няроўнасць паміж Поўначчу і Поўднем", - сказаў кіраўнік нямецкай дыпламатыі. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў удзел сваёй краіны ў міжнароднай праграме COVAX на карысць справядлівага доступу да вакцын супраць COVID.

Палітык не пракаментаваў прапановы скасаваць патэнты на гэтыя вакцыны, якую падтрымлівае Пантыфік. Канцлер Германіі Ангела Меркель негатыўна ставіцца да такой ідэі.

Маас прызнаўся, што паміж Германіяй і Апостальскай Сталіцай плануецца больш цеснае супрацоўніцтва ў Лацінскай Амерыцы. З гэтай мэтай ён папрасіў Францішка падзяліцца з урадам Германіі інфармацыяй, якой валодае Ватыкан, адносна гэтага рэгіёна. Міністр запэўніў, што ўся Еўропа хоча ўзмацніць сваю прыхільнасць да кантынента. Папа, які паходзіць з Аргентыны, праявіў "вялікую цікавасць" да праекта, - прызнаўся нямецкі дыпламат.

Іншай тэмай размовы сталі злоўжыванні адносна непаўналетніх у Каталіцкім Касцёле. Маас сказаў, аднак, што ён не "ўпаўнаважаны" цытаваць словы Пантыфіка па гэтым пытанні.

Кіраўнік дыпламатыі выказаў удзячнасць Францішку і Касцёлу за працу на карысць міру. Нямецкае каталіцкае агенцтва KNA прывяло словы Мааса 10 мая, яшчэ да яго ад'езду ў Рым і Ватыкан: "Дзякуючы нядаўняй паездцы ў Ірак, Папа наглядна паказаў, які ўплыў можа мець Касцёл як дыпламатычны global player у пытаннях згоды і міру".

Пасля аўдыенцыі ў Пантыфіка Хайка Маас таксама сустрэўся з Сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
 

13 мая 2021, 12:46