Францішак падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога Францішак падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 

Францішак у Пяцідзясятніцу: вернікі пакліканы быць "параклетамі"

Трэба жыць у сучаснасці, імкнуцца да цэласці, ставіць Бога на першае месца! - заклікаў Францішак 23 мая 2021 г. у гаміліі падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Параклет кажа Касцёлу, што сёння час суцяшэння. Гэта хутчэй радаснае абвяшчэнне Евангелля, чым барацьба з паганствам. Час прыносіць радасць Уваскрослага, а не скардзіцца на драму секулярызацыі. Час напоўніць свет любоўю, не скараючыся перад мірскім. Гэта скарэй час сведчыць пра міласэрнасць, чым прывіваць прынцыпы і нормы. Гэта час Параклета!" - сказаў Папа.

У пачатку гаміліі Францішак спаслаўся на словы Езуса з Евангелля св. Яна (15, 26), Які абяцае апосталам Духа Святога, і ўказаў на два асноўныя значэнні слова "Параклет": "Суцяшальнік" і "Абаронца".

Гаворачы аб Параклеце-Суцяшальніку, Пантыфік перасцярог ад звароту толькі да зямных “суцяшэнняў”, падобных на анэстэтыкі: яны даюць часовую палёгку, але не вылечваюць глыбокае зло. Яны працуюць на паверхні, на ўзроўні пачуццяў, але не душы. Ён нагадаў, што сапраўднае суцяшэнне зыходзіць ад Духа Святога, Божай любові.

Францішак падкрэсліў, што вернікі таксама пакліканы сведчыць у Духу Святым, станавіцца "параклетамі", суцяшаць, не праз пустыя словы, а праз малітву і блізкасць.

Гаворачы аб Параклеце-Абаронцы, Духу Праўды, Які абараняе нас ад фальшы зла, натхняючы на нашы думкі і пачуцці, Папа адзначыў, што Дух Святы робіць гэта далікатна, не прымушаючы: Ён прапаноўвае, але не навязвае, насуперак духу фальшу, злому, які робіць супрацьлеглае.

Пантыфік указаў на тры асноўныя віды "проціяддзя", якія прапаноўвае нам Параклет супраць шматлікіх сучасных спакус.

Першае – жыць у сучаснасці, а не ў мінулым ці будучыні. "Параклет пацвярджае першынство сённяшняга дня перад спакусай дазволіць сабе паралізавацца горыччу і настальгіяй па мінулым або сканцэнтравацца на нявызначанасці заўтрашняга дня і дазволіць страху за будучыню адолець нас", - заўважыў Францішак.

Дух Святы нагадвае нам пра ласку сучаснасці: лепшага часу, чым сёння, для нас няма; тут і цяпер асаблівы і непаўторны момант рабіць дабро, рабіць жыццё дарам, - адзначыў Пантыфік.

Другое “проціяддзе” Духа Святога – імкнуцца да цэласці. Францішак адзначыў, што “мы існуём як Касцёл у шматграннай разнастайнасці харызмаў, у адзінстве, якое ніколі не бывае аднародным". "Параклет пацвярджае першынство цэлага. Дух Святы аддае перавагу дзейнічаць і ўносіць новае ў цэласці, у супольнасці", - сказаў Папа.

Францішак перасцярог ад канцэнтрацыі ўвагі на кансерватарах і прагрэсістах, традыцыяналістах і наватарах, правых і левых. "Параклет натхняе на адзінства, згоду, гармонію, разнастайнасць. Ён паказвае нам часткі аднаго Цела, якія з'яўляюцца братамі і сёстрамі паміж сабой”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Трэцяе “проціяддзе” Духа Святога – паставіць Бога на першае месца. Пантыфік адзначыў, што духоўнае жыццё – гэта не збор нашых заслуг і ўчынкаў, а пакорлівае прыняцце Пана. "Параклет пацвярджае першынство ласкі. Толькі калі мы адмовімся ад сябе, пакінем месца для Бога; толькі калі мы даверым сябе Яму, зноў знойдзем сябе; толькі ўбогімі духам мы ўзбагацімся ў Духу Святым. Гэта тычыцца і Касцёла. Сваімі сіламі мы не збавім нікога, і нават сябе”, - сказаў Святы Айцец, завяршаючы гамілію.
 

23 мая 2021, 12:07