Францішак заахвоціў да ўдзелу ў малітоўным "марафоне"
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Мы ўступілі ў май, калі народная пабожнасць розным чынам выражае адданасць Найсвяцейшай Панне Марыі. У гэтым годзе ён будзе адзначаны малітоўным "марафонам", які пройдзе з удзелам важных марыйных санктуарыяў, у інтэнцыі спынення пандэміі. Учора вечарам я ўзначаліў першы этап у базыліцы св. Пятра”, - звярнуўся да вернікаў, сабраных 2 мая 2021 г. на малітве Уладарка неба, Францішак.
Пантыфік дадаў, што ў гэтым кантэксце з’явілася “блізкая яго сэрцу” ініцыятыва Касцёла ў М'янме, які запрасіў католікаў прысвяціць адну ружанцовую Вітай Марыя за мір у азіяцкай краіне. “Кожны з нас звяртаецца да маці, калі адчувае патрэбу або знаходзіцца ў бядзе. У гэтым месяцы мы просім нашу Нябесную Маці дастукацца да сэрцаў усіх адказных у М'янме, каб яны знайшлі мужнасць ісці шляхам сустрэчы і паяднання", - сказаў Святы Айцец.
Папа прывітаў прадстаўнікоў асацыяцыі Meter, якіх заклікаў працягваць дапамагаць дзецям, што сталі ахвярамі гвалту і эксплуатацыі.
Ён прывітаў таксама членаў Палітычнага руху за адзінства, заснаванага 25 гадоў таму К'ярай Любіч. "Мае найлепшыя віншаванні і пажаданні плённай працы на службе добрай палітыцы!", - сказаў Францішак.