Францішак: куды прывядуць нянавісць і помста ў Святой Зямлі?
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“З глыбокай заклапочанасцю сачу за тым, што адбываецца ў Святой Зямлі. У гэтыя дні гвалтоўныя ўзброеныя сутыкненні паміж Сектарам Газа і Ізраілем узялі верх і рызыкуюць ператварыцца ў спіраль смерці і разбурэння”, - выказаў занепакоенасць Папа пасля малітвы Уладарка Неба з вернікамі, якія 16 мая 2021 г. сабраліся на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Францішак заўважыў, што ў выніку канфлікту шмат людзей было паранена, а многія нявінныя людзі загінулі. “Сярод іх ёсць таксама дзеці, а гэта жудасна і непрымальна. Іх смерць – гэта знак адсутнасці жадання будаваць будучыню, а толькі знішчаць яе”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа нагадаў таксама, што рост нянавісці і насілля ў розных ізраільскіх гарадах, з’яўляецца “глыбокай ранай для братэрства і мірнага суіснавання паміж грамадзянамі”, якую будзе складана залячыць, калі неадкладна не распачаць дыялог.
“Я пытаюся: куды прывядуць нянавісць і помста? Ці мы сапраўды разлічваем пабудаваць мір, забіваючы іншых? “У імя Бога, які стварыў усіх людзей роўнымі ў правах, абавязках і годнасці, і паклікаў іх жыць як браты паміж сабой” заклікаю да супакою, а тых, хто надзелены адказнасцю – спыніць грукат зброі і ісці шляхамі міру, у тым ліку з дапамогай міжнароднай супольнасці”, - сказаў Пантыфік.
Францішак заклікаў вернікаў няспынна маліцца, “каб ізраільцяне і палестынцы змаглі знайсці шлях дыялогу і прабачэння, каб былі цярплівымі будаўнікамі міру і справядлівасці, адкрываючыся, крок за крокам, на супольную надзею, на братэрскае суіснаванне”. “Памолімся за ахвяр, у прыватнасці за дзяцей, памолімся аб міры да Уладаркі супакою”, - завяршыў свой спецыяльны зварот Святы Айцец.