Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: не баяцца перыферый, там прамаўляе Дух

Сумна, калі інстытуты кансэкраванага жыцця шукаюць бяспекі і самазахавання ў рознага роду ідэалогіях. Для здзяйснення рэформ трэба быць у кантакце з рэальнасцю і слухаць Святога Духа, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

17 мая 2021 г. Францішак скіраваў відэапасланне з нагоды 50-га Тыдня інстытутаў кансэкраванага жыцця, які распачаўся ў Іспаніі. Ён высока адзначыў імкненне кансэкраваных асобаў паглыбляць разуменне свайго ладу жыцця, а таксама высока адзначыў досвед служэння некаторых з удзельнікаў форума “на мяжы” – у Лацінскай Амерыцы і мусульманскім свеце.

“У кансэкраванымі жыцці зразумець сябе можна на шляху … прысвячаючы сябе кожны дзень. Калі кансэкраванае жыццё губляе гэта вымярэнне дыялогу з рэальнасцю і разважання над тым, што адбываецца, яно перастае прыносіць плён”, - сказаў Папа. Францішак узгадаў прыклад св. Тэрэзы Авільскай, якая распачала рэформу свайго манаскага ордэна менавіта дзякуючы таму, што добра бачыла рэчаіснасць.

“Сумна бачыць, калі некаторыя інстытуты, у пошуку пэўнай бяспекі, магчымасці захаваць сябе, паддаліся рознага роду ідэалогіям, левым, правым ці іншым. Калі інстытут пераасэнсоўвае свой харызмат у святле ідэалогіі, тады ён губляе сваю тоеснасць, губляе здольнасць прыносіць плён”, - дадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць дыялогу “з тым, што Святы Дух кажа ў гісторыі, у часе, у месцы, у розныя эпохі і сітуацыі”, а гэта “прадугледжвае праніклівасць і малітву”. Ён заўважыў, што мэта Тыдня інстытутаў кансэкраванага жыцця заключаецца не ў тым, “каб спяваць пад гітару пра тое, наколькі цудоўным з’яўляецца кансэкраванага жыццё”, хоць і гэта часам карысна, але, каб “імкнуцца разам не згубіцца ў фармалізме, у ідэалогіях, у страхах, у дыялогу з самімі сабой, а не са Святым Духа”.

“Не бойцеся памежжаў! Не бойцеся перыферый, бо там да вас будзе прамаўляць Дух”, - заахвоціў Францішак.
 

17 мая 2021, 17:00