Лагатып платформы ініцыятыў Laudato si’ Лагатып платформы ініцыятыў Laudato si’ 

Пантыфік: атрымаўшы ад Бога сад, нельга пакінуць дзецям пустыню

Адказаць на вокліч Зямлі, пачуць крык бедных, спрыяць экалагічнай эканоміцы, прыняццю больш простага ладу жыцця, развіццю экалагічнага выхавання, экалагічнай духоўнасці і супольным высілкам, заклікаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа скіраваў відэапасланне з нагоды запуску Платформы ініцыятыў Laudato si’ – праекту, разлічанага на сем гадоў, у якім будуць задзейнічаны сем’і, парафіі, дыяцэзіі, навучальныя і медыцынскія установы, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, манаскія супольнасці.

Пантыфік заклікаў клапаціцца пра планету, якая пакутуе ад ранаў, нанесеных драпежніцкімі адносінамі да яе і беадказным выкарыстаннем яе рэсурсаў. “Актуальная пандэмія зрабіла больш яўным крык прыроды і бедных, якія найбольш пакутуюць ад наступстваў гэтага, паказваючы, што ўсё ўзаемазвязана і ўзаемазалежна, і што наша здароўе неадлучнае ад здароўя асяроддзя, у якім пражываем”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў да абноўленага падыходу да экалогіі, змены стылю жыцця і адносін да прыроды, памятаючы пра адказнасць за будучыя пакаленні. “Які свет жадаем пакінуць нашым дзецям і моладзі? Наш эгаізм, наша абыякавасць і наш безадказны лад жыцця пагражаюць будучыні нашых дзяцей! Зноў скіроўваю мой заклік: будзем клапаціцца пра нашу маці Зямлю, пераможам спакусу эгаізму, якая робіць нас драпежнікамі ў адносінах да яе рэсурсаў, будзем умацоўваць павагу да дароў Зямлі і стварэння, дадзім пачатак ладу жыцця і грамадству, якія, нарэшце будуць устойлівымі: мы маем магчымасць падрыхтаваць лепшую будучыню для ўсіх. Мы атрымалі ад Бога сад, не можам пакінуць нашым дзецям пустыню”, - сцвердзіў Францішак.
 

25 мая 2021, 13:19