Святы Айцец пра патэнцыял скаўтынгу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
14 мая 2021 г. ён сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі арганізацыі Scouts Unitaires de France, якая адзначае сёлета 50-годдзе з дня заснавання.
“У грамадстве мы часта заўважаем пагаршэнне чалавечых адносін і адсутнасць надзейных узораў для маладых людзей. (...) Перад усімі гэтымі цяжкасцямі ваш скаўцкі рух становіцца знакам заахвочвання для маладых людзей, бо ён прапануе ім марыць і дзейнічаць, мець мужнасць глядзець у будучыню з надзеяй”, - адзначыў Папа.
Ён нагадаў, што скаўт павінен адзначацца гатоўнасцю служыць іншым, працаваць на карысць "больш экстравертнага" Касцёла і больш гуманнага свету. “Таму я заклікаю вас быць адначасова дынамічнымі хрысціянамі і вернымі скаўтамі! Старацца адпавядаць каштоўнасцям, якія вы несяце, маючы цвёрдыя перакананні, заснаваныя на Евангеллі, у духу адкрытасці да іншых. Тады вашы дзеянні пойдуць на карысць грамадству, у якім вы жывяце”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак запрасіў маладых людзей быць сапраўднымі абаронцамі прыроды, асцерагацца эгаізму, не замыкацца ў сабе, не станавіцца асобамі інертнымі, без ідэалаў і без мар, быць місіянерамі сярод аднагодак. “Пан жадае, каб вы былі Яго вучнямі, распаўсюджвалі Яго святло і надзею, бо ён разлічвае на вашу смеласць, мужнасць і энтузіязм”, - адзначыў Папа ў сваім звароце да французскіх скаўтаў.